Нас увязалі ў шкляныя абалонкі і далі кожнаму моцны завостраны кій, зроблены з нейкага лёгкага мэталю. Потым Мэнда на мігі загадаў нам ухапіцца за парэнчы. Ён сам і яго прыяцелі далі нам прыклад. Прычына гэтай асьцярогі хутка стала нам зразумелай, бо, калі дзьверы паволі адчыніліся, морская вада лінула з такою сілаю, што мы захлябнуліся б, каб ня трымаліся. Вада шпарка паднялася вышэй роўню нашых галоў, і ціск, які мы адчувалі, спыніўся. Мэнда прывёў нас да дзьвярэй і праз хвіліну мы зноў апынуліся на дне акіяну, пакінуўшы за сабою адчыненыя да нашага прыходу дзьверы.
Аглядаючыся вакол у халодным, мільгаючым, празрыстым сьвятле, што асьвятляла морскую нізіну, мы маглі бачыць па ўсіх кірунках у кожным разе на чвэртку мілі. Але што нас зьдзівіла — гэта тое, што, як вокам скінуць, мы маглі бачыць вельмі яркі бліскучы сьвет. Туды і накіраваўся наш правадыр, а ўсе мы пашлі за ім. Мы ішлі паволі, перамагаючы ваду. З кожным крокам ногі нашы глыбака лезьлі ў мяккую твань. Хутка ўжо мы маглі пазнаць, што гэта быў за сьвет, зьвярнуўшы на сябе нашу ўвагу. Гэта была наша ўласная хатка, наш апошні напамінак пра жыцьцё на зямлі, асеўшая на купал вялікай будовы і ўсё яшчэ зьзяўшая сваімі агнямі. Хатка наша была на тры чвэрткі заліта вадою, але запалоненае паветра ахоўвала тую частку, дзе былі нашыя электрычныя ўстаноўкі. Сапраўды, было дзіўна пазіраць у сярэдзіну і бачыць знаёмую