абстаноўку з нашымі канапамі і як раней разьвешанымі струмантамі, тымчасам, як некалькі вялікіх рыб плавалі ў сярэдзіне, нібы піскары ў бутэльцы. Уся наша кампанія адзін за адным пралезла ў хатку праз адчынены люк, — Маракот, каб выратаваць сшытак з заўвагамі, які плаваў на паверхні вады, Сканлан і я, каб забраць тое-сёе з асабістай маемасьці. Мэнда таксама прышоў з двума таварышамі і з вялікім зьдзіўленьнем разглядаў вымяральнік глыбінь, тэрмомэтр ды іншыя інструманты, прымацаваныя да сьцяны. Тэрмомэтр мы зьнялі і ўзялі з сабою. Вучаным, можа, цікава даведацца, што сорак градусаў па Фарэнгейту зьяўляецца тэмпэратурай на самай вялікай морскай глыбіні, на якую калі-небудзь апускаўся чалавек і што яна вышэй, чым у верхнім морскім слоі, з прычыны хэмічнай цяплыні, якая ствараецца гніцьцём твані.
Выходзіць, што наша маленькая экспэдыцыі мела пэўную мэту, апрача тае, што нас павялі для моцыёну на дно акіяну. Мы здабывалі яду. Я бачыў, як нашы таварышы час-часам моцна стукалі ўніз сваімі вострымі кіямі, кожны раз дастаючы вялікую пляскатую рыбу, крыху падобную да цюрбо. Гэтай рыбы тут было шмат, але яна так хавалася ў твані, што патрэбна было спрактыкаванае вока, каб убачыць яе. Хутка ў кожнага з нізкарослых людзей вісела па дзьве тры такія рыбіны. Сканлан і я хутка скемілі сакрэт гэтай лоўлі і забілі кожны па дзьве рыбы, але Маракот хадзіў, бы зачараваны, захоплены