ката праколвалі яго сэрца то як вострыя іголкі, то як лязо кінжала. Калі ён даведаўся, нарэшце, што нічога яшчэ не скончана, ён уздыхнуў, але не мог-бы сказаць, ці то быў уздых палёгкі ці мукі.
Ён падыходзіў да розных груп, прыслухоўваўся да гутаркі. Гаварылі пра дзетазабойства і пра злачынца, катаржніка-рэцыдывіста, які ўкраў яблыкі і быў злоўлены на месцы злачынства. Гэты брадзяга ўжо быў адзін раз на катарзе ў Тулоне. Гэта вось і паглыбіла злачынства. Раней поўначы справа ні за што не скончыцца. Злодзея напэўна асудзяць, у гэтым не можа быць ніякага сумнення.
Мадлен падышоў да прыстава, які стаяў ля дзвярэй зала пасяджэнняў.
— Ці хутка адчыняць дзверы? — запытаў ён.
— Іх не адчыняць зусім.
— Як, хіба цяпер не перапынак?
— Перапынак будзе, але дзверы не адчыняць.
— Чаму-ж?
— Таму, што ўсе месцы занятыя, і ўвайсці больш нікому нельга, — адказваў прыстаў і потым пасля кароткага маўчання дадаў: — Ёсць яшчэ два-тры месца за крэслам старшыні, але яны прызначаны для асоб афіцыяльных.
І прыстаў адвярнуўся ад свайго субяседніка.
Мадлен адышоў, схіліўшы галаву і нібы ў раздум‘і.
Відавочна, ён раіўся з самім сабою. Страшэнная барацьба, якая бушавала ў ім, не скончылася яшчэ. Кожную хвіліну яна ўзнімалася з новаю сілаю. Ён спыніўся ля сцяны і скрыжаваў на грудзях рукі. Потым раптам шпарка расшпіліў сваё пальто, выняў партманет, вырваў лісток з запісной кніжкі і пры мігатлівым святле лямпы напісаў алоўкам: „Мадлен, мэр горада М.“; потым зноў падышоў да прыстава, падаў яму запіску і сказаў уладна:
— Занясіце гэта пану старшыні.
Прыстаў узяў запіску, мільгом зірнуў на напісанае і панёс яе.
XXVIII
ШАНМАТ‘Е ЗДЗІЎЛЕНЫ
Сам таго не ведаючы, мэр горада М. быў свайго роду славутай асобай у краіне. На працягу сямі год чуткі пра яго распаўсюдзіліся па ўсёй акрузе, і імя яго было ва ўсіх на вуснах. Апрача развіцця прамысловасці, чым уся краіна была яму абавязана, не было ніводнай абшчыны, якой ён не зрабіў-бы якога-небудзь дабра. Усюды імя пана Мадлена