Жадаючых піць, праўда, там было не мала, але яны больш ахвотна браліся за віно, чым за ваду. Каб хто папрасіў шклянку вады сярод сядзеўшых за шклянкамі віна, здаўся-б дзікуном усім гэтым людзям. Быў, аднак, момант, калі дзіця задрыжэла: гаспадыня падняла крышку з каструлькі, у якой штосьці кіпела, потым узяла шклянку і шпарка падышла да кадкі. Яна адкруціла кран, а дзяўчынка, падняўшы галаву, уважліва сачыла за ўсімі яе рухамі. Слабы струмень вады паліўся з крана і напалову напоўніў шклянку.
— Ого, — праказала шынкарка, — гэта-ж вады больш няма.
Потым настала маўчанне. Дзяўчынка прытаіла дыханне.
— Між іншым, гэтага будзе даволі, — дадала потым гаспадыня.
Казета зноў узялася за сваё вязанне, але з чвэрць гадзіны адчувала, як сэрца яе трывожна білася. Ёй хацелася, каб хутчэй надышла наступная раніца. Час ад часу хто-небудзь з п‘ючых пазіраў ва вуліцу і ўскрыкваў:
— Цёмна, як у яме. Трэба быць кошкай, каб у такую ноч хадзіць без ліхтара.
Казета кожны раз уздрыгвала пры гэтым.
Раптам увайшоў у пакой адзін з начуючых у шынку разносчыкаў і сказаў грубым голасам:
— Майго каня не паілі.
— Не, напэўна паілі, — адказала гаспадыня.
— Кажу вам, цётка, што не, — запярэчыў разносчык.
Казета вылезла з-пад стала.
— А як-жа, судар, — сказала яна, — конь напоены: ён выпіў цэлае вядро вады, я сама нават прынесла яму гэтае вядро і гутарыла з ім.
Гэта была няпраўда: Казета маніла.
— Гэта яшчэ што за штука? Ад зямлі не відаць, а наманіла з гару! — ускрыкнуў гандляр. — Кажу табе, нягодніца, што ён не поены! Калі яму не дадуць піць, то ён пыхціць неяк асабліва: я гэта ўжо добра ведаю.
Казета ўсё настойвала на сваім і дадала голасам, хрыплым ад страху:
— Ён нават вельмі добра напіўся.
— Ну, ды што, — закрычаў, узлаваўшыся, разносчык, — зараз-жа напаіць майго каня, і справе канец!
Казета зноў залезла пад стол.
— Вядома, — сказала шынкарка, — калі жывёла не піла, то яе трэба напаіць.
Потым азірнулася і дадала:
— Куды-ж яна падзелася?
Яна зірнула пад стол і ўбачыла Казету, якая забілася ў самы дальні куток, амаль пад нагамі сядзеўшых.