— Сапраўды, гэта страшэнна цяжка, — прамармытаў ён праз зубы; потым дадаў: — колькі табе год, малютка?
— Восем, судар.
— А адкуль ты ідзеш?
— Ад крыніцы ў лесе.
— І далёка табе ісці?
— Яшчэ добрых чвэрць гадзіны.
Незнаёмы памаўчаў, потым раптам запытаў:
— Хіба ў цябе няма маці?
— Не ведаю, — адказвала дзяўчынка.
І, перш чым прахожы паспеў сказаць што-небудзь, яна дадала:
— Думаю, што няма. Вось у іншых ёсць. У мяне-ж, напэўна, няма. Я нават не думаю, каб яна калі-небудзь у мяне была, — сказала яна пасля кароткага маўчання.
Чалавек спыніўся, паставіў вядро на зямлю, нагнуўся і паклаў рукі на плечы дзяўчынкі, стараючыся разгледзець рысы яе твара ў цемнаце. Худзенькі і бледны тварык Казеты няясна выдзяляўся пры цмяным святле неба.
— Як цябе завуць? — запытаў ён.
— Казета.
Незнаёмага быццам ударыла электрычная іскра. Ён яшчэ паглядзеў на яе, потым зняў свае рукі з яе плячэй, падняў вядро і пайшоў далей. Праз хвіліну ён запытаў:
— Дзе ты жывеш, малютка?
— У Манфермейлі. Вы, можа, ведаеце?
— Гэта мы туды ідзем?
— Так, судар.
Ён яшчэ памаўчаў, потым сказаў:
— Хто гэта паслаў цябе ў такую пару па ваду ў лес?
— Пані Тэнард‘е.
Незнаёмы загаварыў зноў, стараючыся надаць спакойны выраз свайму голасу, у якім мімаволі чулася дзіўная дрыготка:
— Хто яна такая, гэтая твая пані Тэнард‘е?
— Гэта мая гаспадыяя, — адказала Казета, — яна трымае заезны двор.
— Заезны двор? — сказаў чалавек. — Ну, дык я ў яе пераначую. Праводзь мяне да яе.
— Мы туды ідзем, — адказала дзяўчынка.
Незнаёмы ішоў даволі шпарка. Казета ледзь спраўлялася з ім. Яна больш не адчувала стомы. Час ад часу яна ўзнімала вочы на гэтага чалавека з выражэннем спакойнага давер‘я ў позірку. Яна адчувала прыліў нейкай надзеі і радасці.
Прайшло некалькі хвілін. Чалавек сказаў: