мужа, яна пайшла яе адшукаць. Дзіўна, яна не дала ёй штурхача і не аблаяла яе.
— Казета, — сказала яна амаль ласкава, — хадзі сюды!
Праз хвіліну Казета была ў зале. Незнаёмы развязаў свой клунак. У ім знаходзілася дзіцячая шарсцяная сукеначка, фартух, фланелевая кофтачка, спаднічка, касынка, шарсцяныя панчохі, чаравікі і наогул поўны касцюм для сямігадовай дзяўчынкі. Усё было чорнага колеру.
— Дзіця маё, — сказаў стары, — вазьмі гэта і пераапраніся хутчэй.
Пачынаўся дзень, калі жыхары Манфермейля ўбачылі, як па вуліцах сяла прайшоў бедна апрапуты стары, ведучы за руку маленькую дзяўчынку ў жалобе, якая несла ў руках ляльку, апранутую ў ружовую сукенку. То былі наш незнаёмы і Казета.
Ніхто не ведаў гэтага чалавека, а паколькі Казета не была больш у лахманах, то шмат хто не пазнаў і яе.
Казета ішла. З кім? Яна гэтага не ведала. Куды? Невядома. Усё, што яна разумела, дык гэта тое, што яна пакідала ззаду за сабой шынок Тэнард‘е. Ніхто і не падумаў развітацца з ёю, але і яна нікому не сказала „бывай“. Яна вышла з гэтага дома ненавідзімая і ненавідзячая. Бедная, ціхая істота, сэрца якой да гэтай хвіліны толькі сціскалася ад гора!
Казета ішла з сур'ёзным выглядам, шырока расплюшчыўшы вочы і сузіраючы неба. Яна паклала сваю манету ў кішэню свайго новага фартуха. Час ад часу яна апускала вочы і глядзела на яе, потым пазірала на старога.
ХХХІХ
ХТО ШУКАЕ ВЫГАДУ, МОЖА ПРАГАДАЦЬ
Жонка Тэнард‘е як звычайна, дала свайму мужу волю дзеянняў. Яна падрыхтавалася да важных падзей. Калі госць і Казета пайшлі, Тэнард‘е толькі праз якіх-небудзь чвэрць гадзіны паклікаў жонку ўбок і паказаў ёй тысячу пяцьсот франкаў.
— Толькі ўсяго! — праказала яна.
У першы раз у жыцці яна адважылася крытыкаваць дзеянні свайго мужа. Удар папаў трапна.
— Сапраўды, твая праўда, — сказаў ён, — я проста дурань. Дай мне капялюш!
Ён скамячыў тры банкавыя білеты, засунуў іх у кішэню і спяшаючыся вышаў, але памыліўся і павярнуў спачатку направа. Некаторыя з суседзяў, да якіх ён звярнуўся