месце ператварылася ў шумны горад. Новае жыццё і патрабаванні паглынулі і падпарадкавалі сабе ўсе аколіцы, перабудаваўшы іх па-свойму.
Перад гэтай вось халупай спыніўся Жан Вальжан. Як пужлівая птушка, выбраў ён гэтае пустыннае месца, каб звіць сабе гняздо.
Ён пакапаўся ў кішэні сваёй камізэлькі, выняў адтуль ключ, адамкнуў дзверы, потым зачыніў іх і пачаў узбірацца на лесніцу з Казетай на руках.
Наверсе лесніцы ён дастаў другі ключ і адамкнуў другія дзверы. Пакой, куды ён увайшоў і які ён адразу замкнуў за сабой, быў нешта накшталт чардака, даволі прасторнага, з матрацам на падлозе, з сталом і некалькімі крэсламі. У пакоі палілася ў печы. Ліхтар з бульвара кідаў слабае святло на ўсё гэтае беднае абсталяванне.
У глыбіні чардака стаяў ложак. Жан Вальжан панёс Казету да гэтага ложка і асцярожна, каб не разбудзіць, паклаў яе на ім.
Потым ён высек крэмнем агонь і запаліў свечку; усё гэта загадзя было падрыхтавана на стале; потым, так-жа як і напярэдадні, пачаў глядзець на Казету позіркам, поўным пяшчоты і захаплення. Маленькая дзяўчынка са спакойнай упэўненасцю, уласцівай вышэйшай сіле і вышэйшай слабасці, заснула, не ведаючы, з кім яна, і працягвала спаць, не ведаючы, дзе яна.
Жан Вальжан нагнуўся і пацалаваў яе руку.
Дзевяць месяцаў таму назад ён пацалаваў руку яе маці, якая таксама заснула.
Тое-ж пачуцце, гаркотнае, пачцівае і вострае напоўніла яго сэрца. Ён стаў на калені перад пасцеллю Казеты.
Настаў ужо дзень, а дзяўчынка ўсё спала. Бледны прамень снежаньскага сонца пранік у акно чардака і рысаваў на столі доўгія палоскі святла і ценяў. У гэты час па вуліцы з гучным стукам праехаў воз, нагружаны каменнем. Гэта абудзіла дзіця. Казета ўскочыла спрасонку і закрычала:
— Іду, сударыня, зараз, зараз!
І яна кінулася з ложка і з нерасплюшчанымі яшчэ вачыма працягнула руку ў кут.
— А, божа мой, дзе-ж мая мятла? — праказала яна.
Яна зусім расплюшчыла вочы і сустрэла асветлены ўсмешкай твар Жана Вальжана.
— Ах, я і забыла! — сказала яна. — Добры дзень, судар!
Дзеці вельмі хутка звыкаюцца з радасцю і шчасцем, таму што самі яны не што іншае, як радасць і шчасце.
У нагах, на пасцелі, Казета ўбачыла ляльку. Яна схапіла яе і, гуляючы, засыпала ў той-жа час пытаннямі Жана Валь-