вяроўку і праз хвіліну вярнуўся да Казеты. Бедная дзяўчынка, якая нічога не разумела ва ўсёй гэтай трывозе і мітусні, пачынала хвалявацца. Другое дзіця на яе месцы напэўна-б ужо расплакалася. Яна-ж толькі торгала Жана Вальжана за палу сурдута.
Крокі салдат раздаваліся ўсё бліжэй і бліжэй.
— Тата, — прашаптала дзяўчынка, — я баюся. Хто гэта ідзе сюды?
— Цішэй адказаў няшчасны, — гэта Тэнард‘е.
Казета здрыганулася. Ён казаў далей:
— Маўчы. Не перашкаджай мне. Калі ты будзеш крычаць і плакаць, та яна возьме цябе. Яна ідзе па цябе.
Ён, не спяшаючыся і не робячы лішніх рухаў, са спакоем, тым больш здзіўляючым, што кожную хвіліну яго маглі нагнаць Жавер і салдаты, зняў з шыі хустку, абвязаў ёю Казету пад пахі так, каб ёй не было балюча, прывязаў да хусткі канец вяроўкі, узяў другі канец у зубы, зняў чаравікі і панчохі і перакінуў іх цераз сцяну; потым узабраўся на кучу камення і пачаў карабкацца па сцяне з такою лёгкасцю, нібы ў яго былі прыступкі пад нагамі. Праз хвіліну ён стаяў на каленях на сцяне.
Казета глядзела на яго як аслупянелая, не вымаўляючы ні слова. Загад Жана Вальжана і імя Тэнард‘е аледзянілі яе. Раптам яна пачула гучны шэпт старога:
— Абапрыся аб сцяну!
Яна зрабіла так.
— Маўчы і не бойся, — сказаў Жан Вальжан.
Яна адчула, што падымаецца з зямлі. Раней, чым яна паспела апамятацца, яна была ўжо на сцяне.
Жан Вальжан узяў яе на спіну, захапіў абедзве яе ручкі ў сваю левую руку і папоўз на жываце да таго месца сцяны, дзе яна спускалася ніжэй. Там аказаўся дах нейкага будынка, які нізка спускаўся да зямлі.
Ён яшчэ не паспеў зняць рук з сцяны, як пачуў на вуліцы шум і дзіўную сумятню, якая апавясціла аб прыходзе патруля. Чутны быў грамавы голас Жавера:
— Шукайце ў глухім завулку. Усе выхады загароджаны. Я ўпэўнены, што ён тут!
Салдаты кінуліся ў завулак.
Жан Вальжан спусціўся з даха, трымаючы Казету ў руках, і саскочыў на зямлю. Казета не зрабіла ніводнага гуку. Рукі ў яе былі злёгку абадраныя.