сурдута! Божа мой, хіба ўсе праведнікі цяпер зрабіліся вар'ятамі! Але як-жа вы, аднак, увайшлі сюды?
Словы так і сыпаліся з языка. Стары гаварыў з вясковаю балбатлівасцю, якая не мела ў сабе нічога трывожнага. Усё было вымаўлена з сумессю здзіўлення і наіўнага добрадушша.
— Хто вы і што гэта за дом? — запытаў Жан Вальжан.
— А, гэта ўжо занадта! — усклікнуў стары. — Я той, якога вы-ж самі сюды змясцілі, а дом гэты — куды вы мяне змясцілі. Як, вы мяне не пазнаеце?
— Не, — адказваў Жан Вальжан. — Якім чынам вы мяне ведаеце?
— Вы выратавалі мне жыццё, — адказаў стары.
Ён павярнуўся да святла, і Жан Вальжан пазнаў старога Фашлевана.
— А, — сказаў ён, — гэта вы! Так, я вас пазнаў.
— Дзякуй богу! — адказваў стары тонам дакору.
— Што-ж вы тут робіце?
— Ды я цяпер накрываю свае дыні.
Фашлеван сапраўды трымаў у руках канец рагожы, якую хацеў разаслаць над градой. Некалькі такіх рагож было ўжо разаслана побач. Гэта і былі тыя дзіўныя рухі, якія Жан Вальжан заўважыў з-пад павеці.
— Я падумаў, — казаў далей стары, — ноч ясная, напэўна будзе мароз, трэба апрануць каптаны маім дыням. Ды і вы добра зрабілі-б, — дадаў ён, засмяяўшыся, — калі-б узялі з іх прыклад. Але як вы сюды папалі?
Жан Вальжан, убачыўшы, што чалавек гэты ведае яго, хаця-б пад імем Мадлена, зрабіўся вельмі асцярожны. Ён падвоіў пытанні.
Дзіўная рэч: ролі іх нібы змяніліся. Ён, які з‘явіўся ні з таго ні з сяго, пачаў распытваць, нібы маючы на гэта права.
— Што гэта за званочак у вас на калене?
— Гэта? — адказваў Фашлеван. — Гэта для таго, каб ад мяне ўцякалі.
— Як гэта, каб ад вас уцякалі?
Стары Фашлеван падміргнуў вокам з невытлумачальным выразам.
— У гэтым доме нікога няма, апрача жанчын, і шмат маладых дзяўчат. Ну, вось, са мною, напэўна, небяспечна сустракацца. Званочак папярэджвае іх аба мне. Калі я набліжаюся, яны ўцякаюць.
— Але што гэта за дом?
— Ды што вы, вы-ж павінны гэта ведаць!
— Не, я не ведаю.