Потым дадаў гучна:
— Так, самае цяжкае, гэта астацца тут.
— Не, самае цяжкае выйсці адсюль, — сказаў Фашлеван.
Жан Вальжан адчуў, як уся кроў прыліла яму да сэрца.
— Выйсці?
— Так, пан Мадлен, каб зноў увайсці, вы павінны спачатку выйсці адсюль. Вас не павінны знайсці тут. Адкуль вы з‘явіліся? Для мяне вы зваліліся з неба, таму што я вас знаю, а манашкам трэба, каб вы ўвайшлі праз дзверы.
Раптам пачуўся гук другога звона.
— А, цяпер склікаюць капітул[1]. Заўсёды склікаюць капітул, калі хто-небудзь памірае. Так, дык хіба вы не можаце выйсці адсюль тым-жа спосабам, якім увайшлі? Паслухайце, я пытаю не дзеля адной толькі цікаўнасці: як вы ўвайшлі сюды?
Жан Вальжан смяртэльна збляднеў: адна думка зноў увайсці ў гэты страшэнны завулак ледзяніла ў ім кроў. Жану Вальжану здавалася, што ўся паліцыя чакае яго там з Жаверам на чале. Уявіце, што вы выбраліся з лесу, напоўненага тыграмі, і вам па-сяброўску раяць знаў вярнуцца туды.
— Уявіце, Фашлеван, што я зваліўся з неба. Вярнуцца назад мне нельга.
— Ды я то вам веру, а выйсці ўсё-такі трэба. Дзяўчынка ўсё яшчэ спіць? Як яе завуць?
— Казетай.
— Гэта ваша дачка? Ці ўнучка?
— Так.
— Для яе выйсці лёгка. Я яе вынесу ў карзінцы за спіною. Гэта нікога не здзівіць, я часта выходжу. Я занясу яе да сваёй прыяцелькі-гандляркі: яна пакіне яе ў сябе да заўтра. А потым яна вернецца разам з вамі. Галоўная штука ў тым, як вам выбрацца адсюль.
— Мяне ніхто не павінен бачыць, бацька Фашлеван, — сказаў Жан Вальжан. — Знайдзіце магчымасць вывесці мяне, як і Казету.
Фашлеван пачасаў сабе за вухам. У гэты час зноў пачуўся звон.
— Вось гэта азначае, што нябожчыцу хутка пачнуць класці ў труну. Труну забіваю я, і потым яе адвозяць на могілкі. Манашак хаваюць на змярканні. Гэта іх прывілея. Іх хаваюць на могілках Важырар. Кажуць, яго хочуць скасаваць. Гэта шкода, таму што ён вельмі зручны. У мяне там
- ↑ Капітул. — У рымска-каталіцкай царкве так называюцца калегіі духоўных асоб, якія знаходзяцца пры епіскапе.