прыяцель ёсць, бацька Мест‘ен, магільшчык. Магільшчык — той-жа садоўнік. Але, божачка, колькі падзей адбылося з учарашняга дня! Маці Крусіфіксіён памерла, а бацька Мадлен…
— Пахаваны! — падказаў Жан Вальжан, сумна ўсміхнуўшыся.
Фашлеван падхапіў гэтую заўвагу.
— А праўда-ж — сказаў ён. — Калі-б вы асталіся тут, вы сапраўды былі-б пахаваны.
Пачуўся чацверты ўдар звана. Фашлеван хутка навязаў на калена свой рамень са званочкам і сказаў:
— Гэта клічуць мяне. Сядзіце, пан Мадлен, і чакайце мяне. Калі захочаце есці, то тут вы знойдзеце сыр і хлеб. І ён вышаў, прыгаварваючы: „Іду, іду!“
Жан Вальжан бачыў, як ён спяшаўся, падкульгваючы і пазіраючы скоса на свае дыні.
Праз дзесяць хвілін Фашлеван, спуджваючы званком манашак па дарозе, асцярожна пастукаўся ў дзверы. Яго ўпусцілі.
Гэта былі асобныя дзверы ў прыёмную, прызначаныя для патрэб службы. У пакоі стаяла адно толькі крэсла, на якім у гэтую хвіліну сядзела ігумення і чакала Фашлевана. Твар яе быў усхваляваны і меў урачысты выраз. Садоўнік нясмела пакланіўся і спыніўся на парозе келлі. Манашка, перабіраючы чоткі, узняла на яго вочы.
— Гэта вы, бацька Фаван?
У манастыры скарацілі яго імя.
— Я вас клікала.
— Я таму і прышоў, прыпадобная маці.
— Мне трэба з вамі пагутарыць.
— І мне таксама, — адказваў Фашлеван са смеласцю, якая здзівіла яго самога. — Мне таксама трэба сказаць тое-сёе.
Манашка зноў на яго зірнула.
— Вы хочаце паведаміць мне пра штосьці? — запытала яна.
— У мяне да вас просьба.
— Кажыце.
Стары падрабязна пачаў апавядаць ігуменні, як ён зрабіўся старым, як яму цяжка стала спраўляцца з такім вялізным садам і гародам, што часта ён не спіць па цэлых начах, як учора, напрыклад, баяўся марозу і таму ўвесь час хадзіў паміж град, закрываючы іх рагожаю. І скончыў, заявіўшы, што ў яго ёсць брат (манашка паварушылася), ужо немалады, які мог-бы, калі-б гэта дазволілі, быць яму добрым памочнікам. Ён таксама добра ведае садоўніцтва і мог-бы шмат дапамагчы ў гэтай галіне. У іншым-жа