і, сціснуўшы рукі так, што суставы захрусцелі, ён ускрыкнуў у роспачы:
— Вось як я выратоўваю яго!
Ён разрыдаўся, не перастаючы прычытваць і папракаць сябе.
Воддаль пачуўся рып варот. Гэта запіралі могілкі. Фашлеван нахіліўся над Жанам Вальжанам і раптам адхіснуўся назад, паколькі дазваляла прастора ямы: Жан Вальжэн расплюшчыў вочы.
Бачыць мёртвага страшна, але не менш страшна бачыць уваскросшага. Фашлеван скамянеў: бледны, збянтэжаны, усхваляваны рознымі адчуваннямі, не ведаючы, з кім мае справу — з жывым чалавекам ці з мерцвяком, ён бязмоўна глядзеў на Жана Вальжана, які ў сваю чаргу глядзеў на яго.
— Я, здаецца, заснуў, — праказаў, нарэшце, Жан Вальжан.
І ён прыпадняўся на сваім ложы.
Фашлеван упаў на калені.
— Прасвятая багародзіца! — ускрыкнуў ён. — Як вы напалохалі мяне! Дзякуй вам, бацька Мадлен, — дадаў ён.
Жан Вальжзн было самлеў. Свежае паветра дапамагло яму апрытомнець. Фашлеван быў страшэнна рад.
— Дык вы не памерлі? Які-ж вы разумны! — крычаў ён. — Я вас так голасна клікаў, што вы вярнуліся. Калі я ўбачыў вас з заплюшчанымі вачыма, я падумаў, што вы задохліся, і гатовы быў звар'яцець ад роспачы. І што сталася-б з вашай дзяўчынкай без вас? Ну, дзякуй богу, вы жывы, у гэтым галоўная штука!
— Мне холадна, — сказаў Жан Вальжан.
Гэтыя словы прымусілі Фашлевана зусім апамятацца.
— Пойдзем адсюль, — сказаў ён, — але перш за ўсё трэба выпіць крышку.
І ён выхапіў з кішэні фляжку гарэлкі, якою запасся на ўсякі выпадак. Жан Вальжан глынуў з фляжкі і канчаткова апрытомнеў. Ён вылез з труны, і праз тры хвіліны абодва выкарабкаліся з ямы.
Фашлеван быў спакойны. Ніхто не мог цяпер прысці на могілкі. Вароты замкнутыя; магільшчык у сябе дома шукаў білет, а без білета ён ніяк не мог вярнуцца.
Фашлеван узяў лапату, а Жан Вальжан рыдлёўку і абодва хутка закапалі пустую труну.
Потым Фашлеван сказаў Жану Вальжану:
— Цяпер пойдзем. Я панясу лапату, а вы рыдлёўку.
Надыходзіла ноч. Жану Вальжану ў першую хвіліну