смяяўшыся. — Загадзя ведаю, што гэта такое: напэўна, пяшчотнае пасланне.
— Прачытаем яго! — ускрыкнула цётка.
І яна надзела акуляры.
Яны разгарнулі пісьмо і прачыталі:
„Сыну майму запомніць: імператар узнагародзіў мяне баронскім тытулам на полі бітвы пры Ватэрлоа. Рэстаўрацыя пазбавіла мяне гэтага звання, за якое я заплаціў сваёю крывёю. Спадзяюся, што сын мой зверне яго сабе і будзе насіць яго. Няма чаго і казаць, што ён акажацца яго варты.“
Нельга апісаць таго, што адчувалі бацька і дачка. Явы нібы адчулі ледзяны подых смерці. Яны не абмяняліся ні словам. Пан Жыльнарман заўважыў толькі ціха, нібы пра сябе.
— Гэта почырк таго рубакі.
Цётка пакруціла паперку ў руках, потым зноў уклала яе ў медальён.
У гэтую хвіліну з кішэні сурдута выпаў нейкі скрутак. Мадзмуазель Жыльнарман разгарнула яго.
Гэта былі візітныя карткі Марыуса. Яна перадала іх старому, які прачытаў: „Барон Марыус Панмерсі“.
Стары пазваніў. Увайшла служанка. Жыльнарман узяў шнурок з медальёнам і сурдут, шпурнуў усё гэта на сярэдзіну пакоя і сказаў:
— Выносьце гэтыя лахманы!
Амаль гадзіна прайшла ў глыбокім маўчанні. Стары і аго дачка селі спіной адзін да аднаго і аддаліся раздум'ю, як відаць аб адным і тым-жа самым. Нарэшце, стары праказаў:
— Цудоўна!
Праз некалькі хвілін з'явіўся Марыус. Перш чым ён паспеў пераступіць парог, ён убачыў, што дзед трымае адну з яго візітных картак. Стары, ледзь толькі заўважыў яго, закрычаў сваім кплівым, грубым голасам:
— Дык ты цяпер барон? Віншую! Што гэта азначае?
Марыус злёгку пачырванеў і адказваў:
— Гэта азначае, што я — сын свайго бацькі.
Пан Жыльнарман перастаў смяяцца і сурова праказаў:
— Твой бацька — гэта я.
— Мой бацька, — запярэчыў Марыус строгім голасам і апусціўшы вочы, — быў чалавек скромны і герой; ён са славай служыў радзіме і быў вялікі ў найвялікшых дзеяннях, якія рабіліся калі-небудзь людзьмі. Усё жыццё правёў ён у паходах, днём пад свістам куль, ноччу ў снезе, у гразі, пад дажджом; ён атрымаў дваццаць ран, адбіў два сцягі і