бледны, схудалы і хваравіты твар. На ёй надзета была адна толькі кашуля і спадніца, і яна дрыжэла ад холаду.
Марыус прыўзняўся і здзіўлена глядзеў на стварэнне, якое было падобна да здані.
Відаць было, што ад прыроды яна нішто сабе з твару і, напэўна, была нават прыгожанькая. Але ўсё гэта дачасова знікла ў барацьбе з галечаю. На выгляд ёй было год шаснаццаць, не больш.
— Што вам трэба, сударыня? — запытаў Марыус.
Дзяўчына адказала хрыплым голасам.
— У мяне да вас пісьмо, пан Марыус.
Яна ведала яго імя, дзіўна! Але хто-ж яна? Якім чынам яна яго ведае?
Яна пераступіла цераз парог і ўвайшла ў пакой без запрашэння. Яна была босая. Праз вялізныя дзіркі ў спадніцы відаць было голае цела. Яна ўся дрыжэла.
Яна працягнула пісьмо Марыусу. Марыус раскрыў яго і прачытаў наступнае:
„Мой любезны сусед, малады чалавек!
Я даведаўся пра вашу дабрату да мяне, што вы заплацілі за мяне за кватэру поўгода таму назад. Мая дачка раскажа вам, што вось ужо два дні, як у нас у доме няма ні крошкі хлеба, а жонка мая хворая. Калі я не надта самаўпэўнены, то думаю, што ваша вялікадушнае сэрца будзе кранута гэтым і вы будзеце настолькі жаласлівы, што не адмовіце мне ў сваёй дапамозе. З шчырай пашанай, якую абавязаны мець да дабрадзеяў роду чалавечага, астаюся Жандрэт“.
Постскрыптум. Дачка мая будзе чакаць вашых загадаў дарагі пан Марыус.“
Пакуль Марыус чытаў пісьмо, яго нечаканая госця хадзіла і аглядала пакой. Дзіўна было бачыць гэтую постаць, поўголую ў сваіх падраных лахманах, весела пырхаючай ад аднаго прадмета да другога, спяваючы пра сябе нейкую песеньку. Потым яна пачала несціханна балбатаць; каб паказаць, што яна пісьменная, схапіла кавалачак паперы і напісала чамусьці: „Прышлі паліцэйскія“.
Марыус пачаў капацца ў сваіх кішэнях і сяк-так набраў пяць франкаў і шаснаццаць су. Шаснаццаць су ён адклаў сабе на абед, астатнія грошы аддаў дзяўчыне. Яна схапіла іх, зрабіла юнаку развітальны жэст рукой і хутка выбегла з пакоя. Пяць год пражыў Марыус у беднасці, нягодах, але разумеў у гэтую хвіліну, што не зазнаў яшчэ сапраўднай нястачы. Вобраз яе прайшоў цяпер перад ім у выглядзе гэтай няшчаснай маладой дзяўчыны. Яна была