У гэтую хвіліну на царкоўнай званіцы прабіла гадзіну пасля паўдня.
Пры ўсёй сваёй лятуценнасці Марыус быў цвёрды і энергічны. Ён рашыў ва ўсякім выпадку разбурыць злачынныя намеры, што выспелі ў гэтай агіднай трушчобе.
Але як папярэдзіць тых, каго гэта датычыць? Ён не ведаў іх адраса. Падпільнаваць пана Леблана ля дзвярэй у шэсць гадзін? Але яго могуць убачыць Жандрэт і яго саўдзельнікі, тады ён загіне і сам, не дасягнуўшы мэты.
У яго распараджэнні было яшчэ пяць гадзін часу. Ён апрануўся і асцярожна і бязшумна вышаў з пакоя.
Ён накіраваўся да прадмесця Сен-Марсо і ў першай трапіўшай яму краме запытаў, дзе змяшчаецца паліцэйскі камісар. Яму сказалі, што на вуліцы Пантуаз, № 14. Ён накіраваўся па паказанаму кірунку.
Дайшоўшы да дома № 14, Марыус узышоў на лесніцу і запытаў паліцэйскага камісара.
— Яго няма дома, — адказваў адзін паліцэйскі, — але замест яго тут інспектар. Хочаце яго бачыць? Справа тэрміновая?
— Так, — адказваў Марыус.
Яго ўвялі ў кабінет камісара. За кратамі, прыхінуўшыся да каміна, стаяў чалавек высокага росту, захутаны ў плашч. У яго быў квадратны твар, тонкія сціснутыя губы, густыя бакенбарды з сівізною і праніклівы позірк. Выгляд яго быў страшны не менш, чым выгляд Жандрэта.
— Што вам трэба? — запытаў ён у Марыуса.
— Мне патрэбны паліцэйскі камісар.
— Яго няма, я яго замяняю.
— Я прышоў па вельмі сакрэтнай, але тэрміновай справе.
— Тады кажыце хутчэй.
Чалавек гэты, у адзін і той жа час спакойны і рэзкі, палохаў і заспакойваў. Марыус расказаў яму ўсе падрабязнасці аб рыхтуемай засадзе і даў адрас.
Пачуўшы нумар дома, інспектар узняў галаву і холадна запытаў:
— Гэта ў пакоі ў канцы калідора?
— Так, — адказваў Марыус. — Хіба вы ведаеце гэты дом?
— Відавочна, — сказаў ён, памаўчаўшы крыху. Потым дадаў:
— Нумар пяцьдзесят-пяцьдзесят два. Я ведаю гэтую халупу. Схавацца ўнутры няма магчымасці, нас адразу-ж заўважаць. Трэба прыдумаць што-небудзь іншае.
Ён зноў памаўчаў.
— У жыхароў дома ў кожнага ёсць асобны ключ, — па-