Гэтая думка была недарэчная, але неадольная.
І ён кожны дзень пачаў прыходзіць на Жаўранкава поле.
У адну з такіх прагулак ён сядзеў, глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад дрэвам, як раптам знаёмы голас прымусіў яго ўстрапыхнуцца. Ён хутка ўзняў галаву і ўбачыў перад сабой Эпаніну.
Дачок Тэнард’е за недахопам улік супроць іх абодвух адпусцілі на волю.
Яна была такая-ж абшарпаная, як заўсёды. Лахманы яшчэ больш знасіліся за гэты час. Твар загарэлы, а ў выразе яго з’явілася штосьці спалоханае і жалкае, — асаблівасць, якую надавала турма і галеча.
— Нарэшце я вас знайшла! — ускрыкнула яна. — Я-ж шукаю вас ужо шэсць тыдняў. Вы хіба там больш не жывеце?
— Не, — адказваў Марыус.
— А, разумею, гэта з-за той гісторыі. А, ведаеце, я за гэты час паспела два тыдні прасядзець у турме. Яны мяне выпусцілі таму, што нічога не знайшлі, ды яшчэ таму, што я гадамі не вышла. Дзе-ж вы жывеце зараз?
Марыус не адказваў. Яна-ж зноў пачала, злёгку засмучаная:
— Здаецца, вы не асабліва рады мяне бачыць? А, між тым, калі-б я захацела, я прымусіла-б вас развесяліцца.
— Што ты хочаш сказаць? — запытаў Марыус.
Яна памаўчала з хвіліну, нібы хістаючыся, але потым страсянула галавою і сказала:
— Ну, ды ўсёроўна. Вы сумны, я хачу, каб вы павесялелі. Слухайце, я даведалася пра адрас.
Марыус збляднеў. Уся кроў прыліла яму да сэрца. Ён запытаў:
— Які адрас?
— Той, аб якім вы мне даручылі даведацца. Адрас той паненкі.
Марыус, як звар’яцелы, саскочыў з лаўкі і схапіў яе за рукі:
— О, вядзі мяне хутчэй! Кажы, чаго ты хочаш! — ускрыкнуў ён, ап’янелы ад нечаканага шчасця.
— Пойдзем са мною. Я не ведаю ні назвы вуліцы, ні нумара дома, гэта ў процілеглым баку адсюль; але дом я добра памятаю па выгляду. Я вас правяду туды.
І яны адправіліся.