бяда! Ды хіба з-за такога глупства румзаюць?.. Якія вы дурненькія!
І з выглядам ганарлівай перавагі, праз якую прасвечвала пяшчотнасць апякуна, дадаў:
— Марш за мной, драбнота!
— Добра, судар, — пакорліва сказаў старэйшы з хлопчыкаў.
І малюткі даверліва пайшлі за Гаўрошам. Яны нават перасталі плакаць. Гаўрош павёў іх па вуліцы Сент-Антуан, у кірунку да Бастыліі[1]. Па дарозе ён кінуў абурлівы позірк назад на краму цырульніка і прамармытаў:
— Якая бессардэчная траска! Напэўна, гэта англічанін.
Нейкая дзяўчына гучна рассмяялася ўбачыўшы ішоўшых гужам адзін за адным хлопчыкаў. Гэта было простай абразай для маленькіх грамадзян.
— Добры вечар, мамзель Омнібус! — насмешліва крыкнуў ёй Гаўрош.
Праз хвіліну яму зноў успомніўся цырульнік, і ён прабурчэў:
— Не, я памыліўся ў гэтай жывёліне: гэта не траска, а змяя... Глядзі, цырульнік, я прывяду да цябе слесара і прымушу яго прымайстраваць табе на хвост бразготку!
Гэты цырульнік абудзіў у ім дух ваяўнічасці і задзірлівасці. Пераскокваючы цераз канаву, ён незнарок зачапіў барадатую вартаўніцу з мятлой у руках і крыкнуў ёй:
— Мабыць, вы на вадапой вывелі свайго канька, сударыня?
Потым ён запырскаў гразёю лакавыя боты нейкага прахожага.
— Дурань! — аблаяў яго той, абураны гэтым.
Гаўрош высунуў нос з-пад свайго шаліка.
— На каго гэта вы скардзіцеся? — нявінным тонам запытаў ён.
— На цябе! — сказаў прахожы.
— Кантора запёрта. Я больш не прымаю скаргаў, — сказаў Гаўрош.
Прадаўжаючы ісці далей па вуліцы, Гаўрош заўважыў пад варотамі зазяблую жабрачку год трынаццаці, у якой з-пад надта кароткай спадніцы былі відаць сінія каленкі. Дзяўчынка, відаць, даўно ужо вырасла з спадніцы.
— Бедная дзяўчынка! — сказаў Гаўрош, — на вось, вазьмі хоць гэта.
- ↑ Бастылія — старадаўняя французская турма; была разбурана рэволюцыйным народам Парыжа 14 ліпеня 1789 года і ў той час, які апісвае Гюго, ужо не існавала.