пра якія мы гаварылі вышэй. Пакуль гарэў агонь, пацукі трымаліся на саліднай адлегласці, але як толькі ў гэтай яме, населенай імі ліха ведае калі, зноў запанавала звычайная цемра, яны, пачуўшы тое, што славуты казачнік Перо называў „свежым мясам“, гуртамі накінуліся на шалаш, з такім майстэрствам збудаваны Гаўрошам, ускарабкаліся на верхавіну і з ярасцю пачалі грызці дрот, спадзеючыся прарваць яго сваімі вострымі зубамі і такім чынам забрацца ў сярэдзіну шалаша.
Між тым, меншы хлопчык усё яшчэ не спаў.
— Судар! — зноў гукнуў ён Гаўроша.
— Ну, што яшчэ, карапуз?
— Што такое пацукі?
— Пацукі — гэта мышы.
Такое тлумачэнне крыху заспакоіла хлопчыка. Ён бачыў ужо белых мышак і не баяўся іх. Тым не менш ён праз хвіліну зноў узняў свой голас:
— Судар!
— Ну?
— А чаму ў вас няма кошкі?
— У мяне была кошка, але яе з’елі.
Гэтае другое тлумачэнне знішчыла добратворнае дзеянне першага, і хлапчук зноў пачаў трывожыцца. Паміж ім і Гаўрошам зноў пачалася наступная гутарка.
— Судар!
— Ну, што яшчэ?
— Каго гэта з’елі?
— Кошку.
— А хто-ж з’еў яе?
— Пацукі.
— Мышы?
— Так, пацукі.
Здзіўлены тым, што знаходзіцца сярод мышэй, якія з’ядаюць кошак, хлопчык запытаў:
— Судар, а нас не з’ядуць гэтыя мышы?
— Напэўна, яны з прыемнасцю зрабілі-б гэта, — адказваў Гаўрош, але, бачачы, што хлопчык зусім замёр ад жаху, дадаў: — Не бойся, куранётка! Мышы не могуць пралезці да нас. Ды і потым, я-ж тут. На вось, вазьмі маю руку. Маўчы і спі.
З гэтымі словамі ёй працягнуў сваю руку хлопчыку, які прытуліўся да яе і заспакоіўся. Мужнасць і сіла таямнічым спосабам перадаюцца ад аднаго да другога.
Гук голасу спужаў і прагнаў пацукоў. На некаторы час вакол шалаша запанавала поўная ціша. Але праз некалькі хвілін пацукі зноў вярнуліся і яшчэ з большай ярасцю на-