Пазнаўшы дачку, Тэнард’е ўскрыкнуў, наколькі дазваляла асцярожнасць:
— Што ты тут робіш? Ці ты звар’яцела? На што ты перашкаджаеш нам працаваць?
— Я тут, таму што тут. Хіба забараняецца сядзець на каменнях? А вось вам што тут трэба? Вам тут зусім няма чаго рабіць. У доме ані нічога няма, і старацца не варта. Паверце, я кажу вам шчырую праўду.
— У доме адны толькі жанчыны, і, напэўна, ёсць пажыва, — сказаў адзін з машэннікаў.
— Нічога няма, усе пераехалі, — адказала Эпаніна.
— Чаму-ж яны пакінулі святло? Паглядзі-тка!
Сапраўды, у адным з вокнаў наверсе відаць быў агонь.
Тады Эпаніна адважылася на апошні сродак.
— Ды тут жывуць такія беднякі, у якіх, напэўна, за душой няма ні капейкі, — сказала яна.
— Пайшла к чорту! — ускрыкнуў Тэнард’е. — Вось мы перакапаем дом зверху данізу, тады і скажам табе, што там ёсць і чаго няма. Ступай прэч!
Тады яна стала спіною да рашоткі, тварам да шасцярых зладзеяў, і голасам, ціхім і рашучым, сказала: — Ну, дык я не хачу, каб вы ўваходзілі.
Яны спыніліся са здзіўленнем. Яна казала далей:
— Паслухайце мяне, прыяцелі. Цяпер я вам скажу па праўдзе. Перш за ўсё, калі вы толькі ўвойдзеце ў сад, я ўзніму такі крык і шум, што разбуджу ўсіх, склічу паліцэйскіх, і вас ураз забяруць.
— Яна, напэўна, зробіць гэта, — ціха праказаў Тэнард’е свайму суседу.
— Усіх, — казала далей Эпаніна, — пачынаючы з майго бацькі.
Тэнард’е было наблізіўся да яе.
— Не так блізка, стары, — сказала яна, адштурхваючы яго рукой.
Ён адсунуўся, прамармытаўшы праз зубы:
— Ды што ў яго там такое, у гэтага сабакі?
Яна рассмяялася страшным смехам.
— Як вы там сабе хочаце, — казала яна далей, — а вы сюды не ўвойдзеце! Вас шасцёра, дык што-ж? Вы мужчыны, ну, а я жанчына, а ўсё-такі я вас не баюся. Вы сюды не ўвойдзеце, таму што мне гэта не падабаецца. Калі вы толькі пойдзеце, я ўзніму брэх. Я вам сказала, што тут ёсць сабака. Гэты сабака — я. Ідзіце сваёй дарогай, вы мне надакучылі. Сюды не смейце вяртацца, я вам гэта забараняю. Ступайце прэч адсюль!