Некаторыя смельчакі падпаўзалі, лежачы на жываце, да сярэдзіны крутога маста, клапоцячыся аб тым, каб ківеры не высоўваліся.
Храбры палкоўнік Мантэйнар з дрыгаценнем у голасе выражаў сваё захапленне барыкадай:
— Як гэта зроблена! Ніводны каменьчык не тырчыць! Гэта проста фарфоравая цацка.
У гэтую хвіліну куля прабіла ордэнскі крыж у яго на грудзях. Палкоўнік упаў.
— Падлюгі — крыкнуў ён. — Яны-ж хаваюцца! Яны баяцца паказаць нос!
Барыкада Тампля, абараняемая васьмюдзесяццю рэволюцыянерамі, тры дні трымалася супроць дзесяці тысяч атакуючых салдат. На чацверты, калі разбілі суседнія дамы і ўзлезлі на дахі, барыкада была ўзята. Ніводзін з васьмідзесяці байцоў не падумаў уцякаць, яны былі забіты ўсе да аднаго, за выключэннем правадыра Бартэлемі, аб якім гутарка ідзе асобна. Сент-Антуанская барыкада была шумам і громам, барыкада Тампля была мёртвым маўчаннем. Абедзве яны здзіўлялі злавесным непадабенствам; адна — як пашча, другая — як маска! Гіганцкае і сумнае чэрвеньскае паўстанне насіла пячаць гневу і загадкавасці, і таму ў першай барыкадзе адчуваўся дракон, а ў другой адлюстраваўся сфінкс.
Два чалавекі былі іх будаўнікамі: адзін — Курнэ, другі — Бартэлемі. Сент-Антуанскай кіраваў Курнэ, барыкадай Тампля — Бартэлемі.
Кожны захоўваў у сабе рысы, пераданыя свайму збудаванню.
Курнэ быў вялізнага росту, шырокаплечы, з чырвоным тварам, з магутным кулаком, смелым сэрцам, строгай душой, позіркам страшным і ў той-жа час чыстым. Курнэ быў бясстрэпетны, энергічны, гнеўны, бурны, але не было больш сардэчнага чалавека і больш страшнага байца.
Вайна, барацьба, схватка — гэта было яго роднае паветра; удыхаючы яго, ён быў шчаслівы. Ён быў афіцэрам марской службы; усе яго жэсты і рухі, яго голас ясна гаварылі аб тым, што гэта — дзіця акіяна, што гэта ўражэнец навальніц і бур. І ў бітвах ён прадаўжаў работу марскога ўрагана.
Бартэлемі, хударлявы, бледны і марудлівы, быў чалавекам з пароды хлапчукоў, якія перажылі трагедыю.
Паліцэйскі агент ударыў яго па шчацэ, у адказ на гэты ўдар Бартэлемі яго прыпільнаваў, забіў — і семнаццаці год быў адпраўлены на катаргу. Ён вышаў адтуль і зрабіў гэтую барыкаду.
Пазней — ракавы выпадак! — у Лондане, дзе абодва былі выгнаннікамі, Бартэлемі забіў Курнэ. Гэта быў сумны