— Гэта, — адказваў Камбфер, — чалавек, які выратуе іншых.
Марыус дадаў цвёрдым голасам:
— Я яго ведаю.
Такая заява задаволіла ўсіх.
Анжальрас, звяртаючыся да Жана Вальжана, сказаў:
— Калі ласка! — і потым дадаў: — Вы ведаеце, што тут усе чакаюць смерці?
Жан Вальжан, не адказваючы, пачаў дапамагаць выратаванаму ім чалавеку апранаць мундзір.
У гэты няўмольны момант у гэтым ракавым месцы агульнае становішча было такое, што ў душы Анжальраса ўзнікла цэлае мора смутку. Гэта быў вынік яго пачуццяў і роўнадзеючая ўсіх настрояў таварышоў па барыкадзе.
Анжальрас адчуваў рэволюцыйны ўздым і ўсё-такі быў нездаволены, адчуваючы, да якой ступені рэволюцыя носіць незакончаны характар. Ён па поглядах быў надта падобны да Сен-Жуста[1] і, магчыма, недастаткова ацэньваў Анахарсіса Клотса[2], аднак, яго розум у таварыстве „Прыяцеляў народу“ урэшце паддаўся некатораму намагнічванню ідэямі Камбфера. З некаторага часу ён расшырыў межы дагматычнай[3] абмежаванасці і вышаў на шырокую дарогу вучэння аб прагрэсе. Ён прышоў да вываду потым, што канчатковая эвалюцыя, закончаная і цудоўная, будзе заключацца ў тым, што вялікая французская рэспубліка зробіцца іспалінскай рэспублікай чалавецтва. Што датычыць раптоўных сродкаў яе ажыццяўлення, то, раз быў даны магутны штуршок, неабходна было сілай прасунуць яе наперад. У гэтым выпадку ён не ўносіў змен: ён астаўся ў межах той эпічнай і страшнай школы палітыкі, якая коратка выражаецца імем „93“ год.
Анжальрас стаяў на каменнай прыступцы, абапёршыся адным локцем на дула свайго карабіна. Ён размышляў і ўздрыгваўся, як на скразным ветры: месца, дзе пануе смерць, выклікае такія ўздрыгі. Яго вочы, поўныя ўнутранога сузірання, спраменьвалі патокі нейкага стрыманага агню.
Раптам ён узняў галаву, адкінуў назад свае светлыя валасы і, падобны да раз’юшанага ільва ў вогненым арэоле сваёй грывы, ускрыкнуў:
- ↑ Сен-Жуст (Людовік Антуан) — французскі рэволюцыянер, прыяцель Робесп’ера, пакараны смерцю ў 1794 годзе.
- ↑ Анахарсіс Клотс — адзін з дзеячоў французскай рэволюцыі 1789 г., які далучыўся да партыі ўмераных.
- ↑ Дагматычны — ад грэчаскага слова „догма“ — палажэнне; адсюль дагматычны азначае станоўча выказаны, які не дапускае сумнення.