было бачыць, як яны мільгалі сярод безупынна ўспыхваючых маланак. Самае страшнае прадонне бляднела перад гэтым відовішчам.
Біліся ўсім, чым маглі, усюды, з усіх бакоў, адусюль. Поўразбураны фасад „Карынфа“ быў страшны. Усе таварышы Марыуса і Анжальраса былі забіты. Марыус сам быў увесь пакрыты ранамі, адзін Анжальрас аставаўся неўражальны.
Раптам новая калона з паднятымі штыкамі і стрэльбамі з’явілася на грэбні барыкады. Жменя інсургентаў, што асталіся жывыя, адступіла ў непарадку. У некаторых прачнулася страшэннае жаданне жыць. Яны прытуліліся да дома. Анжальрас кінуўся да іх і дапамог адчыніць дзверы шынка. Усе рынуліся туды і захлопнулі дзверы з такою сілаю, што на ўнутраным баку асталася зусім адсечаная пецярня салдата, які ўчапіўся за іх. Марыус астаўся на вуліцы. Куля драпанула яму ключыцу, і ён адчуў, што падае. Але ўжо з заплюшчанымі вачыма яму здалося, што чыясьці дужая рука падхапіла яго, і апошняй думкай яго было: „Я ў палоне, мяне расстраляюць“.
Між тым, пачалася асада шынка.
— Цяпер прададзім жыццё дарагой цаной! — ускрыкнуў Анжальрас таварышам.
Шынок адважна супраціўляўся. Дзверы і сцяна хутка, вядома, былі прабіты, і салдаты ўварваліся ў пакой. Шаленства ахапіла іх пад уплывам супраціўлення гэтай нязначнай жменькі, і не прайшло і пяці хвілін, як усе, апрача Анжальраса, былі перабіты. Анжальрас з адной вінтоўкай у руцэ праломваў галаву кожнаму, хто да яго набліжаўся. Ён залез у самы далёкі куток і з абломкам стрэльбы ў руцэ і гордым позіркам здаваўся яшчэ настолькі страшным, што ніхто не адважваўся падыйсці да яго.
— Гэта начальнік! — закрычалі салдаты. — Гэта ён забіў артылерыста. Ён стаў вельмі зручна; няхай там і застанецца. Расстраляем яго!
— Расстрэльвайце! — ускрыкнуў Анжальрас і, адкінуўшы ў бок стрэльбу, скрыжаваў на грудзях рукі і спакойна спыніўся.
Гэты выкрык зрабіў дзіўнае ўражанне. Хаос раптам супакоіўся, і такая пагарда да смерці абяззброіла ўсіх. Стрэльбы мімаволі апусціліся. Нарэшце ўмяшаўся афіцэр.
— Ці хочаце, каб вам завязалі вочы? — запытаў ён.
— Не.
Праз хвіліну раздаўся залп. Анжальрас, прабіты васьмю кулямі, нібы прыбіты да сцяны, астаўся стаяць. Прыгожая галава яго панікла, і ўсё было скончана.