Была глухая ноч, калі карэта спынілася на вуліцы Філь дзю Кальвер, перад домам № 6.
Жавер вышаў першы і пастукаўся ў дзверы. Жан Вальжан і фурман вынеслі, між тым, Марыуса з экіпажа. Жан Вальжан зноў паслухаў сэрца і ўпэўніўся, што яно яшчэ б’ецца, нават мацней чым раней, нібы трасяніна зкіпажа ўзбудзіла яго.
У варотах паказаўся дворнік. Жавер звярнуўся да яго і запытаў:
— Ці тут жыве нехта па імю Жыльнарман?
— Тут. Што вам трэба?
— Яму прывезлі яго сына.
— Сына? — перапытаў дворнік, нічога не разумеючы.
— Ён памёр. Ён быў на барыкадзе, і яго там забілі. Вось і ўсё. Ідзіце-тка разбудзіце бацьку.
Дворнік не рухаўся з месца.
— Ідзіце-ж! — закрычаў Жавер і дадаў: — Заўтра тут будзе пахаванне.
Дворнік разбудзіў лакея, той — пакаёўку. Пакаёўка падняла на ногі мадэмуазель Жыльнарман. Што датычыць старога, то яго не трывожылі, рашыўшы, што ён заўсёды паспее даведацца пра гэтую навіну.
Марыуса перанеслі ў дом і паклалі на шырокую канапу ў пакоі побач з пакоем старога. Адразу-ж паслалі па доктара.
Калі ўсё прыведзена было ў парадак, Жавер дакрануўся да пляча Жана Вальжана.
Той зразумеў, што час адпраўляцца.
Яны вышлі на вуліцу і зноў селі ў карэту.
— Інспектар Жавер, — сказаў Жан Вальжан, — у мяне да вас яшчэ адна просьба.
— Якая? — запытаў сурова Жавер.
— Дазвольце мне на хвіліну зайсці дадому. А потым рабіце са мною, што хочаце.
Жавер памаўчаў некалькі хвілін, схаваўшы падбародак ў каўнер, потым апусціў пярэдняе акно і сказаў фурману:
— На вуліцу Ом Армэ, нумар сем!
За ўвесь час дарогі ні той, ні другі не вымавілі ні слова.
Што хацеў зрабіць Жан Вальжан? Дакончыць пачатае: папярэдзіць Казету і сказаць ёй, дзе знаходзіцца цяпер Марыус, потым даць ёй некалькі карысных, мабыць, указанняў і зрабіць апошнія распараджэнні. Што датычыць асабіста яго, то ўсё скончана: ён узят Жаверам і не будзе больш старацца ўцячы ад яго.
Ля ўваходу на вуліцу Ом Армэ фіякр спыніўся, таму