— Дык вы дрэнна спалі ці засмучаны чым-небудзь?
— Не.
— Дык пацалуйце мяне! А цяпер усміхніцеся.
Жан Вальжан усміхнуўся. Гэта была ўсмешка здані.
— Ну, абараніце-ж мяне супроць майго мужа.
— Казета... — пачаў Марыус.
— Раззлуйцеся, бацька. Скажыце яму, каб я асталася. Пры мне можна гаварыць пра ўсё. Няўжо-ж вы лічыце мяне такой неразумнай? Гаварыце сабе аб справах, я хачу астацца з вамі. Паглядзі на мяне, Марыус, я-ж сёння вельмі прыгожанькая?
І з чароўнай грымаскай яна павярнулася да мужа. Між іх нібы бліснула маланка, і яны кінуліся ў абдымкі адзін аднаму.
— Я цябе кахаю!
— Я цябе абажаю.
— Ну, а цяпер я астаюся, — сказала Казета, папраўляючы складкі свайго плацця з выразам перамогі.
— Не, гэтага нельга, — адказваў Марыус умольным томам. — Нам трэба скончыць гутарку.
— Зноў не?
Марыус зрабіў адмоўны жэст.
— Ну, дык добра-ж! — ускрыкнула яна. — Я пайду; а вы, бацька, і не ўступіліся нават за мяне! Вы абодва тыраны, я на вас паскарджуся дзеду. Цяпер ужо, выбачайце, я да вас больш не прыду, і вы ўбачыце, як вам будзе без мяне сумна. Убачыце!
І яна вышла. Праз хвіліну яна зноў прасунула галоўку ў дзверы і закрычала ім:
— Я страшэнна, страшэнна раззлавалася!
Дзверы зачыніліся, і настала цемра.
Гэта быў нібы прамень сонечнага святла, які раптам пранізаў начную цемру. Марыус упэўніўся, што дзверы зачынены, і сказаў:
— Бедная Казета, калі яна даведаецца...
Пры гэтай заўвазе Жан Вальжан затрапятаў усімі членамі. Ен спыніў на Марыусе свой блукаючы позірк:
— Казета! Ах, так, гэта праўда. Вы ўсё ёй раскажаце. Так, я-ж пра гэта і не падумаў. На адно хапае сіл, а на другое — не. Судар, малю, прашу вас, дайце мне слова нічога не гаварыць ёй. Хіба не даволі таго, што вы ведаеце? Я мог усё расказаць пра сябе, калі ніхто на прымушаў мяне гэтага рабіць, перад усім светам, перад усімі, гэта мне ўсёроўна. Але яна-ж не ведае, што гэта такое, і гэта навядзе на яе жах. Катаржнік! Што гэта? Ёй патрэбна