Увесь час, пакуль ён быў епіскапам ў Дыні, пан Мірыель нічога не змяніў у гэтым каштарысе. Ён называў гэтую пятнаццатую частку „расходы майго дома“.
Гэты каштарыс быў прыняты з безумоўнай пакорлівасцю мадэмуазель Батыстын. Дзеля гэтай святой душы епіскап быў братам па крыві і галавой па статуту царквы. Яна любіла і паважала яго, не мудруючы. Калі ён гаварыў, яна з павагай і захапленнем слухала яго; калі ён дзейнічаў, яна ўхваляла. Адна толькі служанка Маглуар часам бурчэла. Епіскап, як вядома, пакінуў для сябе ўсяго тысячу франкаў, што з пэнсіяй мадэмуазель Батыстын складала тысячу пяцьсот франкаў у год. На гэтыя сродкі жылі дзве старыя жанчыны і епіскап.
А калі да епіскапа прыязджаў у Дынь які-небудзь вясковы поп, ён знаходзіў яшчэ магчымасць пачаставаць яго абедам, дзякуючы эканоміі пані Маглуар і талковай распарадчасці мадэмуазель Батыстын.
Аднойчы месяцы праз тры пасля свайго ўсталявання ў горадзе Дыні, епіскап сказаў:
— Аднак, я вельмі сцяснёны!
— А то-ж! — ускрыкнула пані Маглуар. — Ваша прападоб‘е не патрабавалі сабе нават грошай на раз‘езды па епархіі. Ранейшыя епіскапы ўсе атрымлівалі раз'яздныя.
— А пэўна-ж ваша праўда, пані Маглуар! — ускрыкнуў епіскап.
І ён патрабаваў ад казны на раз‘езды.
Праз некалькі часу генеральны совет, на падставе гэтага патрабавання, вызначыў яму суму ў тры тысячы франкаў у год пад наступнай рубрыкай: „Епіскапу на ўтрыманне экіпажа, на паштовыя расходы і на раз‘езды па епархіі“.
Асігноўка вельмі ўзрадавала пані Маглуар.
— Вось гэта добра, — сказала яна мадэмуазель Батыстын. — Яго святасць пачаў з іншых, і вельмі натуральна, што ўспомніў і пра сябе. Усе карыстаюцца яго добрадзейнасцю, а ўжо гэтыя тры тысячы франкаў пойдуць на нашу гаспадарку. Нарэшце-такі!
У той-жа вечар епіскап уручыў сваёй сястры наступны складзены ім каштарыс:
РАСХОДЫ НА ЭКІПАЖ І РАЗ‘ЕЗДЫ
|