Потым яна абцягнула сукенку і пайшла да дзвярэй, ветліва кіўнуўшы салдатам галавой, кажучы:
— Пан інспектар загадвае адпусціць мяне. Я выходжу.
Яна ўзялася за ручку дзвярэй. Яшчэ крок, і яна была-б на вуліцы.
Жавер увесь час стаяў нерухомы нібы статуя, утаропіўшы вочы ў зямлю.
Пры гуку крокаў Фантыны ён прахапіўся. Ён падняў галаву з выразам вярхоўнай улады, якая тым грубейшая, чым ніжэй стаіць яе прадстаўнік.
— Сержант, хіба вы не бачыце, што гэта нягодніца выходзіць? Хто вам дазволіў адпусціць яе?
— Я, — сказаў Мадлен.
Фантына, пачуўшы голас Жавера, задрыжала і адступіла ад дзвярэй, як злодзей, злоўлены на месцы злачынства. Пры гуках голаса Мадлена яна абярнулася ўбок, і з той хвіліны, не вымаўляючы ні слова, не смеючы дыхнуць, яна па чарзе пераводзіла вочы з Мадлена на Жавера і з Жавера на Мадлена, гледзячы па тым, хто з іх гаварыў.
Няма сумнення, што Жавер быў, як кажуць, збіты з панталыку, калі пасля загаду мэра адпусціць Фантыну на волю дазволіў сабе звярнуцца з падобным пытаннем да салдат. Няўжо ён забыў, што стаіць перад такой асобай, як мэр? Ці ён вушам сваім не верыў, а думаў, што тут нейкае непаразуменне? Або пасля ўсяго, што адбылося на яго вачах, ён адважыўся на крайнія меры і ў адной сваёй асобе сканцэнтраваў усю вышэйшую ўладу і гатовы быў дзейнічаць на ўласны страх?
Як-бы там ні было, але пасля заявы Мадлена паліцэйскі інспектар Жавер, бледны, халодны, з пасінелымі губамі, з разгубленым выглядам, звярнуўся да мэра ўсхваляваны і дрыжачы і — нечуваная рэч! — сказаў яму, апусціўшы вочы, няцвёрдым голасам:
— Пан мэр, гэтага не можа быць.
— Як так? — запытаў Мадлен.
— Гэта нягодніца абразіла абываталя.
— Інспектар Жавер, — адказаў Мадлен спакойным і прымірлівым тонам, — слухайце, што я вам скажу. Вы сумленны чалавек, і мне лёгка будзе растлумачыць вам. Вось вам шчырая праўда, як усё было. Я праходзіў праз плошчу, калі вы павялі за сабой гэтую жанчыну. Там яшчэ стаяў натоўп, і я падрабязна распытаў пра ўсё. Я ўсё цяпер ведаю. Вінаваты гэты пан, які закрануў яе, і па справядлівасці яго-то і трэба арыштаваць.
— Гэта нягодніца абразіла і вас, пан мэр, — адказаў Жавер.
— А гэта мяне датычыць, і я зраблю як палічу патрэбным.