далася з аднаго простага працоўнага народа. Такое супаданьне не стварае ў творчасьці Багушэвіча поўную гармонію нацыянальнага элемента з соцыяльным, што робіць яго поэзію асабліва цэннай для нас і орыгінальнай ў гісторыі клясавых літэратур. Тут разгледзім вершы, у якіх нацыянальны элемент ўзят за самы прадмет творчасьці і ў такой пастаноўцы пераважае, найлепей адбіваецца ці шчыльна зьвязуецца з элементам сацыяльным („Хрэсьбіны Мацюка,“ „Калыханка,“ „Хмаркі,“ „Мая хатка,“ „Ахвяра,“ „Мая дудка,“ „Падарожныя жыды“ і інш.).
Хрэсьбіны Мацюка — гэта кароткае вершаванае апавяданьне з часоў „наварачываньня“ беларусаў-уніятаў і каталікоў на праваслаўную веру. Кн. Хаванскі — гістарычная асоба: езьдзіў па Віленшыне і вёў сваю „хрысьціянскую“ работу пасьля паўстаньня 63 г. Віленшчына яшчэ й цяпер не забылася аб гэтым дзікім барбары. Гэта быў зьдзек маскоўскага начальства, — злачынства значна горшае за калішняга акаталічываньня і абпалячываньня беларусаў езуітамі і панамі. Гэта было і вялікае нацыянальнае гора Беларусі. Ня гледзячы на тое, што к часу Багушэвіча балючая войстрасьць ад тае зьнявагі і гора міналася, пясьняр сваёю вольнаю душою рэволюцыянэра і чулым сэрцам патрыоты адчуў яе.
Калыханка — лірычная песьня на народны лад. Яна складзена быццам на соцыяльныя мотывы, але для беларуса яна маець больш нацыянальных прыметаў. „Калыханка“ — спрадвечная песьня аб тым, як беларускія дзеці, выходзячы ў паны, адракаліся ад сваіх матак; аб тым, як беларуская інтэлігенцыя адракалася ад свайго народу. За хімэрнае панства яны плацілі згубай сваей нацыяльнасьці і духоўным выгнаньнем з бацькінай хаты. Верш гэты — адзін з самых лепшых твораў Багушэвіча; у ім скрозь чуецца нязвычайна глыбокае, але нейкае пабеларуску мяккае, кволае, далікатнае засмучэньне; у лёгкіх, зыбкіх, а плаўных, як тое калыханьне, і вельмі прыгожых радкох верша маці-беларуска, мужычка, пяець аб долі свайму сынульцы. — Гэта ўся Маці-Беларусь, тая мужычка, пяе сваім сыном, што выходзяць на панічоў. Будзе частаваць сын-паніч сваю простую матку папанску, — так лятуціць маці-беларуска, калыхаючы свайго дзіцёначка, і так магла спадзявацца і тагачасная Беларусь, простая і пагарджаная, гонару і славы за сваю мужыцкую інтэлігенцыю. Але зусім што іншае выхадзіла ў жыцьці. Іншае думаецца матцы: зробіцца яе сынок вялікім панам і будзе біці людцаў, а яго будуць клясьці, як ліхога, прасіць яму ад бога сьмертухны. Багушэвіч, разгарнуў-