ваны абразкі беларускае прыроды, беларускага жыцьця, гаротнай мужыцкай долі, а таксама паказаны грамадзянскія жаданьні поэта-народніка. Тут прыемна згарманізавана лірыка сазярцацельная з лірыкай ідэйнай. Родную прыроду Няслухоўскі першы апісаў з асаблівай поэтычнай мягкасьцю, з беларускім лірызмам. Маляваньне прыроды таксама і ён ня ставіў за наўмыснае заданьне творчасьці, адылі у яго вершах, навет напісаных на соцыяльныя мотывы і ў сатырычным тоне („Што птушкі казалі?“), ёсьць надта прыгожыя, сьветлыя, спакойна-лірычныя абразкі роднае прыроды. Часам у яго апісаньнях чуецца і нейкі таёмны, містычны зьвязак пясьнярскага настрою з тым, што дзеецца ў прыродзе („Каршун“). У беларускім жыцьці ён вабіцца спакойным тыпам старога лясьніка, прадстаўніком аджыўшай романтычнай Беларусі. Гаротную долю беларускага сялянства ён апісуець без таго гняўлівага багушэвіцкага абурэньня, бяз той узварушлівай энэргіі, а з пакорным засмучэньнем, з маркотай, замінаючай у жыцьцёвым змаганьні („Што думаець Янка, вязучы дровы ў горад?“). Ен наракае на людзкую крыўду, на няпраўду, на няволю, але робіць гэта ў такой форме, што трудна згадаць яго рэяльныя грамадзянскія жаданьні; ня выцякаюць яны і самі па сабе з маляваньня адваротнае стараны, як ў Багушэвіча. Жаданьні яго залежаць ня столькі ад соцыяльнай ці нацыянальнай сьвядомасьці, сколькі ад добрага і поэтычнага сэрца, ад агульнага протэстуючага настрою грамады, ад прыкладаў, якія даюць песьняру сьвядомыя правадыры. Жаданьні яго даволі туманныя і носяць агульны характар романтычна-народніцкага і поэтычнага настрою („Сівер“).
Апрача зьмешчаных у „Вязанцы“, Няслухоўскі напісаў яшчэ колькі беларускіх вершаў, з каторых іншыя друкаваліся, а іншыя то і дагэтуль знаходзяцца ў рукапісах у прыватных руках. З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш „Роднай старонцы“, дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі. У гэтым вершу беларуская творчасьць Няслухоўскага дасягла свайго вышэйшага пункту. Пясьняр даў тут поўны абраз Беларусі, які жыў у яго сэрцы. Верш напісан з запраўдвым натхненьнем, з глыбокім пачуцьцём і пад настроем, каторы чуваць у самай музыцы слоў. Свой сум поэт-народнік разважае гэтак: „Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прогляне ясна над нашай ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй, доляй шчасьліваю“.
Няслухоўскі ў нашай літэратуры ідзець сьледам за Багушэвічам, з каторым ён адначасна і пісаў.