з „З маленькім білецікам“ Ядвігіна Ш. і „Як дзядзька езьдзіў у Вільню“ Я. Коласа.
3. Розныя расказы з жыцьця беларускага сялянства, пісаныя ў маскоўска-беларускай мешанай мове, складаюць большую частку пісьменства Пшчолкі. Тут многа ёсьць чыста-этнографічнага матар’яла, многа чыста-бытавых апісаньняў, многа не апрацаваных фотографічных зьнімкаў з беларускай натуры, але сярод іх ёсьць апавяданьні вельмі літэратурныя, з вялікімі мастацкімі вартасьцямі, як „Піліпава вясельле“, „Мікітавы хаўтуры“ і інш. „Піліпава вясельле“ (1901 г.) трэба ўважаць за адзін з самых лепшых літэратурных твораў Пшчолкі і за надта добрае апавяданьне прозаю ў беларускай літэратуры. Яно так агорнута нашым смуткам, так ахоплена нашай шчырасьцю, так спавіта нашаю спрадвечнаю жальбою, што не заўважаецца ні прыкрасьць маскоўска-беларускага жаргона, ні лішак этнографіі. Падробна і з пачуцьцём апісана і сватаньне, і вясельле — гэтая прыгожая і смутна-поэтычная опэра багатага сваім старадаўным культам народа, — апісан п’яны шлюб і вялікае п’янства людцаў на старэцкія дастаткі маладога. Апавяданьне чыста-нацыянальнае і вызначаецца псыхолёгічнай пеўнасьцю беларускіх характарыстак. „Мікітавы хаўтуры“ напісаны ў тым-жа тоне і з тым-жа далікатна-засмучоным настроем. „Замайжанскі кірмаш“ (1897 г.) — эскіз; як пазачыняліся карчмы, кірмаш зрабіўся важным пунктам беларускага народнага жыцьця, але беларускія пісьменьнікі быццам ня любяць хадзіць на кірмашы; толькі Пшчолка даў тут сакавіты абразок кірмашовае гульні з дужа прыметным апісаньнем старцаў. Замайжанскі кірмаш, як ужо было зазвычай, кончыўся бойкай п’яных сялян. У другіх творах Пшчолка чапаець з большай ці меншай літэратурнасьцю беларускае жыцьцё з розных бакоў. Як і ўсе нашы ранейшыя песьняры, ён найгоршаю заганаю беларуса лічыць п’янства і часта і войстра накідаецца на сялян за гарэлку („Валасная сходка“, „З жыцьця лепельскіх сялян“ і інш). Есьць у яго і вельмі добрая сатыра на нашы калішнія, проста гідкія з моральнага пагляду валасныя суды („Янкіна жальба“, 1902 г., драматычны этуд у 2 актах з жыцьця лепельскіх сялян). Есьць добрыя, хоць часам яўна тэндэнцыйныя абразкі беларускай затуканасьці, няцьвёрдасьці ў слове („Хурман“), нядбаласьці ў справе прасьветы („Барылаўскі валасны сход“). Сяляне ў Пшчолкі аб навуцы кажуць так: „І граматны гусей пасець, і няграматны гусей пасець“. „Што там вучэньне мужыку! Усё роўна ля зямлі пойдзець. Што там грамата, — панам грамата, а з нас паноў ня будзець“… Пагляд