Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/127

Гэта старонка была вычытаная

(„Ліцьвіны-беларусы Чарнігаўшчыны“, 1902 г.), вершаваныя апавяданьні і пераклады. Родную старонку пісьменьніцца вельмі любіць і апісуець яе з любасьцю і шчырым пачуцьцём, беларускую мову ўмее таксама добра, але тэхнікай верша валадаець зусім слаба, дзеля чаго і літэратурная вартасьць яе твораў дужа абніжаецца. Апавяданьні Косіч маюць характар паўчаючых народ кніжачак, як і популярныя брошуркі А. Ельскага. Так, „На перасяленьне, расказ цёткі Домны з Палесься“ (Чарнігаў, 1903 г.), засьцерагае беларусаў ад лёгкадумнага перасяленьня ў Сыбір; аўтор у найлепшых словах расхвалівае сваё сяло, свой край, сваю прыроду, дзе ўсяго ёсьць для чалавека даволі, дзе і клімат, і жыцьцё, і ўсё добрае, і малюець расставаньне з родным кутком, калі быццам кожды кусточак плачаць. Пераклады баек Крылова (Чарнігаў, 1903 г.) часам пераходзяць у простую пераробку; пясьнярка любіць дадаваць ад сябе моральную навуку, зьвязаную з падзеямі ў яе меснасьці. З ідэйным рухам беларускага адраджэньня літаратура Косіч відных зьвязкаў ня маець.


Альгерд Абуховіч.

(1840 — 1905).

А. Абуховіч быў родам са Случчыны. Вучыўся ён ў гімназіі ў Слуцку, жыў нейкі час у Кіеве і ў эміграцыі ў Парыжы. Некалі надта багаты пан, пад канец жыцьця Абуховіч зусім згалеў. У родным Слуцку быў ён пазьней вучыцелем у кальвінскай гімназіі. Пісаў пабеларуску многа, але творы яго блізка што зусім не трапілі ў друк сваім часам, дык можна думаць, што значная частка рукапісаў пагінула. Перакладаў Міцкевіча, Кандратовіча (Сыракомлю), Лермантава; пісаў орыгінальныя байкі, сатыры на паноў і пакінуў цікаўныя мэмуары, частка якіх друкавалася ў віленскай беларускай газэце „Гоман“ у 1916 годзе. Некалькі баек Абуховіча надрукована ў календарох (1915 г.) і ў школьных чытанках. На сваіх беларускіх творах ён падпісываўся Графам Бандынэлі — па прозьвішчу свае бабкі, знатным панскім родам каторай дужа гардзіўся.

Байкі Абуховіча напісаны на агульна-вядомыя сюжэты. Некаторыя з іх перароблены з Крылова („Старшына“). Але ў кожную байку аўтор унасіў беларускі дух і склад, рабіў іх зусім беларускімі; на байцы „Ваўкалак“, да прыкладу, ляжыць адбітак народнай творчасьці, да яе сюжэту Абуховіч сьвядома дадаў нацыянальна-беларускі элемент.

Мэмуары Абуховіча, пазначаныя 1904 і інш. гадамі,