сьляпая набожнасьць старой Беларусі, не знасіўшая рэлігійнай лёгкадумнасьці маладых: „Ня дзіва, што бог нас караець, калі ўжо і наш брат, мужык, і той: „Бога нѣтути!“ — увераець. Каб табе адсох язык!“ Забабоннасць ўва ўсіх яе галінах — галоўная, такім чынам, азнака мужыцкай старыны, і яна асабліва добра адбілася ў творах Арлоўскага. Можна-б было сказаць, што гэты няўломны мужыцкі „пісацель“ проста запісаў на паперу мужыцкія забабоны, але тут ёсьць важная прымета: Арлоўскі і сам чалавек забабонны, запісы яго і агорнуты і прахоплены чыста-мужыцкім забабонным духам, чаго мы не знойдзем ні ў якіх этнографічных запісах і ні ў якіх наагул інтэлігенцкіх творах аб мужыкох. Той дух кажаць чараўніку: „Ты ў свадзьбе сядзіш за сталом, а сватом думаеш гаручку; ты ў жыце заломіш залом, каб узяць грошы кучку. І ні ў аднаго гаспадара авечка і кароўка пала, і ў беднага нашага дудара дуда лопнула і прапала.“ Пад прынукай таго духа мужыкі нясьлі сканаўшага чараўніка ў ростанькі і закапывалі ў яму пры балоце, а пазьней, калі не пераставаў хадзіць па начох, забівалі яму ў грудзі асінавы кол і давалі абухом у лоб… Соцыяльныя пытаньні старазаконныя мужыкі Арлоўскага разьвязываюць з свайго земляробскага і пабожнага пагляду, з нейкім лятуценным, а ня дзейным соцыялізмам: „Я знаю і такіх многа, што да міліёна дзесяцін і толькі на яго аднога, — ці ён-жа і ў бога гаспадзін? А ці гэта-ж нам ня можна падзяліцца, каб мы добрыя былі, і ня трэба нам было-б давіцца, і усе спакойна-б жылі.“ Аднак, добрыя думкі толькі думкамі і заставаліся, дык зьяўляецца крытыка пануючага ў гаспадарстве ладу, хоць вельмі асьцярожная: аўтор прызнае і цара і начальства, толькі дзівуецца, чаму ў нас „плачаць млад і стар, што такое начальства“, але зараз удаецца ў туманную маркоту і аж піша з натхненьнем:
А, божа наш мілы, |
Апрача таго, Арлоўскі бічуе звычайныя заганы мужыцкай Беларусі, як п’янства, сваркі, нядбальства. Есьць у яго і патрыятычныя, ў маскоўска-самадзяржаўным духу вершы, а таксама пераказы рознага мізэрнага знацьця, якое аўтор мог дастаць з выпадковых популярных маскоўскіх кніжак і розных соньнікаў, аракулаў, хіромантый. Навуку ён шануе ды на маскоўскую школу глядзіць няпрыхільна: