Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/132

Гэта старонка не была вычытаная

„Я табе праўду скажу, стараста, што гэтыя народныя школы, то толькі псуюць нашага брата-мужыка. Тры зімы вучыцца, а нічога ён ня знаець: пісьма ня можаць нікуды напісаць“. „…і я хвалю і люблю навукі, ато ён з народнай школы ня ўчоны, а толькі скалячоны.“ Толькі Арлоўскі, як і Пшчолка, не стараецца адгадаць грунтоўнай прычыны таго калецтва і скрытыкаваць самую школу. Агульнай прыметай усіх твораў Арлоўскага ёсьць чыста-народны беларускі нахіл разьвязываць пытаньне з дыдактычнага і быццам філёзофскага боку. Надта мала ў яго вершаў, гдзе-б пераважалі элементы чыста-мастацкія („Два мужыкі ў лесе на дрывасецы“).


Выдатныя беларускія этнографы і вучоныя.

А. Слупскі выдаваў беларускія календары на 1892 і 1893 г. г. ў Менску, да якіх прыкладаў альманахі з артыкуламі і вершамі ў беларускай мове ці па беларусазнаўству. Сам Слупскі шмат пісаў па беларускай этнографіі.

Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1844—1910) — родам з Віцебшчыны, выдатны беларускі этнограф-самавук, працаю каторага карыстаў для сваіх зборнікаў вядомы этнограф Шэйн. Можна з пеўнасьцю сказаць, што толькі неспагадныя ўмовы жыцьця не дазволілі Нікіфароўскаму разьвіць свае здольнасьці ў беларускай белетрыстыцы, хоць ён меў да таго пеўны нахіл. З яго працы асабліва цікаўны і важны такія рэчы: 1) „Нарысы простанароднага жыцьця-быцьця ў Віцебскай Беларусі і апісаньне рэчаў штодзеннага ўжытку“ (Віцебск, 1895 г.); 2) „Простанародныя прыметы і забабоны“ (Віцебск, 1897 г.); 3) „Нарысы Віцебскай Беларусі“ (1892—1897 г. г.). Апрача таго, Нікіфароўскі напісаў колькі невялічкіх кніжачак этнографічна-белетрыстычнага характару з дзіўнымі малюнкамі побыту. Беларускую народную мову ўмеў ён дасканальна. Праз усё жыцьцё Нікіфароўскі быў вучыцелем прыгатаваўчае клясы ў мужчынскай гімназіі ў Віцебску.

Аўдакім Раманавіч Раманаў (рад. ў 1855 г.) — з беднай сям’і, з Беліцы блізка Гомлю, з Магілеўшчыны; плодны сучасны беларускі этнограф, надта заслужоны ў беларускай этнографіі. Кніжкі яго „Беларускага зборніка“ зрабіліся дужа популярнымі на Беларусі. Яны даўно ўсе разыйшліся, глаўным чынам, у народзе, і ў продажы іх не знайці. Іх надта ахвотна і з вялікай цікаўнасьцю чытаюць сяляне-беларусы, для каторых „Беларускі зборнік“ Раманава — не этнографія, а улюбёная „прыгожая“ літэратура.