Валадзімір Мікалевіч Дабравольскі — родам са Смаленшчыны, стары беларускі этнограф, напісаў слоўнік Смаленшчыны, сабраў смаленскі этнографічны зборнік і інш., чытае ў Смаленску ў археолёгічным інстытуце лекцыі і ўсім тым сеяў і сеець беларускаць поўнай жменяй на ўсходніх узьмежках Беларусі.
М. В. Даўнар-Запольскі. — З канца 80-х гадоў працуе на ніве адраджэньня наш слаўны профэсар М. В. Даўнар-Запольскі. У яго шмат капітальнай працы па беларускаму праву, гісторыі, этнографіі і літэратурнай крытыцы. Пісаў ён аб Васілю Цяпінскім, аб В. Дуніну-Марцінкевічу, разглядаў творы „Гапон“, „Тарас на Парнасе“ і інш. У 1898 годзе ў Маскве пад рэдакцыяй Даўнар-Запольскага выйшаў беларускі календар, дзе між іншых твораў аб Беларусі былі зьмешчаны вершы Марцінкевіча і іншых нашых песьняроў. У часе рэволюцыі профэсар цьвёрда стаў на грунце незалежнай гаспадарстванасьці Беларусі, аб патрэбе якой таланавіта і пераканаўча даводзіў у кіеўскай і ў другіх беларускіх газэтах, а таксама і ў асобнай кнізе „Асновы дзяржаўнасьці Беларусі“, надта пашыранай сярод беларусаў і перакладзенай на эўропэйскія мовы.
Е. Ф. Карскі — акадэмік-беларусавед, слаўнейшы бадач беларускай мовы і гісторык беларускай літэратуры, асабліва старадаўнага пісьменства. Па яго ўсім вядомых кніжках, пад агульным назовам „Беларусы“, навучалася роднаму слову ўсё мададое пакаленьне беларускай інтэлігенцыі.
Міхал Федароўскі — слаўнейшы беларускі этнограф у польскай мове, зьбіраньнік гутарак. Здабыў славу сваей вядомаю працаю „Lud białoruski“ (найлепшы этнографічны зборнік з боку мэтоду гэтай працы).
А. К. Сержпутоўскі — аўтор знамянітай кнігі „Казкі і расказы беларусаў-паляшукоў“, у якой ёсьць рэчы, па сіле і мастацтву роўныя новэлям Бокачыо. Гісторыку беларускае народнае славеснасьці кніга Сержпутоўскага даець мнагацэньнейшы, выключны па хараству і багацьцю матар’ял.
Этнографічны перыад нашае літэратуры, які стварылі гэтыя і многія іншыя, менш выдатныя нашы пісьменьнікі-этнографы і наагул беларусаведы, маець значаньне зьбіральнага перыаду ў нашай літэратуры. Зьбіраючы і парадкуючы матар’ял, надта важны для нормальнага разьвіцьця пісанага слова, яны сьвядома ці несьвядома зрабілі нязрушным той грунт, на каторым расла навейшая беларуская літэратура.