Усяго выйшла 6 нумароў, з каторых ажно 5 сканфіскавала паліцыя. Вестка аб легальнай газэце, пісанай пабеларуску, пракацілася па ўсёй Беларусі, як першы веснавы гром. Людзі плакалі ад радаснае навіны і горкіх успамінаў. А на вуліцах Вільні газэту бралі нарасхват, чыталі вялікімі кучкамі і плацілі часам вялікія грошы. Калі-ж газэта дайшла ў провінцыю, сяляне сталі прысылаць у рэдакцыю дужа многа пісьмаў з гарачымі, натхненнымі і радаснымі словамі абуджаных сыноў пад’яромнае бацькаўшчыны.
23 (10-га) лістапада 1906 года выйшаў у Вільні першы нумар „Нашай Нівы“.
За ўвесь час свайго жыцьця, да восені 1915 года, „На- ша Ніва“ гуртавала ля сябе ўсю сьвядомую Беларусь, і на яе страніцах вырасьлі літэратурныя іменьні ўсіх выдатнейшых сучасных беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў. Хоць „Наша Ніва“ і не магла паказаць у поўнай меры свой соцыяльны характар, аднак, яна была самая левая газэта ў краі, стульна зьвязаная з сваім сялянствам. Так, за першыя тры гады істнаваньня газэты ў ёй было надрукавана 960 орыгінальных корэспондэнцый з 489 вёсак і мясьцечак, а за чацьвёрты год — 660 корэспондэнцый з 321 меснасьці. А рэдакцыя-ж нічога не плаціла сваім корэспондэнтам, як і наагул сваім супрацоўнікам, апрача аднаго-двух тэхнічных работнікаў. Каб дайці да ўсіх беларусаў, праваслаўных і каталікоў, „Наша Ніва“, як і „Наша Доля“, друкавалася і кірыліцай і лацінкаю, але з 1912 года, з-за вялікага кошту, посьле агульнага запытаньня ў чытаньнікаў, газэта перайшла на адзін сучасны кірылаўскі шрыфт. У цесным зьвязку з „Нашай Нівай“ працавала над павялічаньнем кніжнага багацьця Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні, каторае выдала шмат усялякіх кніжак. Посьле, як беларускі рух стаў буйна ўзрастаць, зьяўляліся новыя выдавецтвы, друкаваліся новыя часопісі, але скрозь ўвесь час да вайны давала тон ўсяму руху, выдавецтву і літэратуры — Вільня і „Наша Ніва“. Першай прыметай нашаніўскай пары ў літэратуры ёсьць пераважнасьць нацыянальных элементаў і нацыяналістычных лёзунгаў і мотываў над усім-чыста іншым. І ў гэтую пару, як ужо даўно ў нас павялося, асабліва разьвілася наша поэзія ў вершу; разьвіцьце прозы было значна слабейшым. Пісьменьнікаў і поэтаў-нашаніўцаў можна падзяліць на старэйшых, зьвязаных па часу, па духу ці ўплыву з народніцкай парой (К. Каганец, Цётка, Ядвігін Ш., А. Паўловіч, Г. Леўчык і інш.) і маладзейшых, стварыўшых зусім сваю, выразна-нацыянальную і ў істнасьці клясава-мужыцкую, але даволі разнаабразную і ўжо багатую літэратуру (Я. Колас, Т. Гушча,