чых па укладу падобныя народныя пераказы („Навасадзкае замчышча“, „Засульскія турэ“, „Ваўчок“, „Халера 40-га року“ і інш.). Ужо тут адбіваецца старая Беларусь, „атуленая пушчамі, лугамі, абвеяная казкамі зруйнаваных замчышч беларускіх князёў“, і пісьменьнік выступае ня толькі, як сын народу, але як „дух з беларускай пушчы". Разам з гэтым, зьбіраючы гісторыка-этнографічны матар’ял і запісуючы народныя песьні, Каганец, як некалі Чачот, спрабуе сваю пясьнярскую здольнасьць у лірычных песьнях, галоўным чынам, гістарычных па зьместу, а па ўкладу, па разьмеру, і, глаўнае, па духу зусім падобных да чыста-народных твораў. Так што першае слова яго кніжнай творчасьці было астатнім словам народнай творчасьці.
Лірыка Каганца.
Лірыка Каганца выдаецца ў беларускай поэзіі сваёй беларускасьцю. Яна беларуская ня толькі па мове ці па нацыяналістычных лёзунгах, а дапраўды нацыянальна-беларуская. Рытміку верша Каганец прызнаваў толькі народную. Верш Каганца часам ня можна адрозьніць ад народнай беларускай песьні („Кабзар“, „Нёман“, „Збор“ і інш.); у гэтым хараство яго верша, а з другога боку і загана, бо той верш часта і не падымаецца вышэй за песьні. Зьмест каганцовай лірыкі даволі розны, але таксама мала шырэйшы за народнае песьні. Найчасьцей бярэць яго Каганец з мінуўшчыны беларусаў. Гледзячы на Нёман, ён вельмі поэтычна разважае: „Ой, Нёман цячэ, Нёман плыве ад нас у літоўскія зямліцы. А хто там пайме, хто разьбярэ топат і гоман нашай рачыцы“; потым з маркотай успамінае мінулыя падзеі і паснулую, забытую славу бацькаўшчыны („Нёман“, 1893 г.). Каганец у захапленьні ад славы нацыянальных змаганьнікаў за волю народа і тужыць, як падумае, што ўсё тое даўно мінулася, і цяпера беларусы ня ведаюць пра сваіх героеў („Гадка пра Галубка“, 1893 г.). Той настрой і думкі разьвіваюцца ў вялізазнае, няўніманае жаданьне запаліць у радакоў дюбоў да бацькаўшчыны, усьведаміць іх, што патрэбна адраджэньне. Дзеля гэтага ён малюе ўцісканьне ад Маскоўшчыны і Польшчы („Чы праўда гэта?“, 1902 г.), бязконцае, ганебнае і больнае апекаваньне Беларусі чужынцамі („Былое“, 1908 г.) і пераймаецца народнымі песьнямі, дзе паказаны сялянскія мукі ад паншчыны („Пра пана Ленскага“), цяжкая служба у царскім войску („Царская служба“). Адным словам, ён усё болей пераходзіць на палітычна-нацыянальны голас і ўрэшце заклікае да адраджэньня („Збор“, 1902 г.).