у Ерусаліме (1115 г.) і дужа добра апісаў сваю падарожу. Твор яго перакладзен на чужыя мовы, бо маець вялікую навуковую цану. Апроч падрабязнага апісаньня Палестыны, аўтор зьмесьціў у свой твор легенды, апокрыфы і да таго падобныя рэчы, выключна рэлігійнага характару. Нічым іншым ён ня цікавіўся, і дзеля таго нічога не запісаў, да прыкладу, аб крыжавых войнах. Як прыгожае пісьменства, твор Данілы Паломніка стаіць нізка, прынамся яго зусім ня можна раўнаваць да твораў Кірылы Тураўскага.
Легенды. Так называліся народныя творы болей-меней рэлігійнага характару. Яны разьвіліся тады, калі чытаньне жыцьцяў сьвятых зрабілася народным чытаньнем, калі народ павыбіраў адтуль для свае памяці найболей зродныя для яго матывы і мамэнты і калі, з другога боку, народная славеснасьць болей а болей пранікала ў пісьменства. Пад уплывам жыцьцяў і на сюжэт жыцьцяў стварылася смаленская легенда аб Мяркурыю, маладым і харошым вою, якога паслала Багародзіца з Рыма ратаваць Смаленеск ад татараў; зьбіўшы паганых, ён варочаецца ў горад і нясець у руках сваю галаву, што адсек яму невядомы тагасьветны вой. Да нас дайшла гэтая легенда ў рэдакцыі пазьнейшых часоў. Складалася яна ня столькі з царкоўнымі заданьнямі, сколькі з чыста-творчымі, мастацкімі. Яна, праўда, адказуець на рэлігійны тон свайго часу, але зусім здавальняець і моральна-эстэтычныя патрэбы сучасьнікаў. Легенда зрабіла падгатаваўчую работу для стварэньня такіх твораў, як „Слова а палку Ігараве“.
Слова а палку Ігараве. Гэтую няўмірушчую памятку старадаўнай поэзіі папісаў у канцы 12-га сталецьця нязвычайна вялікі пясьняр, каторы ўзгадаваўся на народнай творчасьці і меў добрую кніжную адукацыю. Быў ён чалавек сьвецкі, блізкі да князеўскага хорама, родам з Чарнігаўшчыны. Імя яго да нас не дайшло. „Слова“ ўважаюць за памятку дружыннага эпоса, але ў ім гарманічна зьліты элементы эпоса, лірыкі і навет драмы. У „Слове“ апавядаецца аб паходзе князя Ноўгарад-Северскага Ігара на полаўцаў, войска каторага ў першы дзень пабіла паганых. Пакуль яно адпачывала, полаўцы зноў сабралі сілу. На другі дзень на небе гарэла, як кроў, зара і цёмныя тучы ішлі з мора… Пачаўся другі, яшчэ страшнейшы бой, і полаўцы адалелі. Ігар папаўся ў няволю. „Нічаць трава жалашчамі, а дрэва з тугаю к зямлі прыкланіся“, — так пяець аб гэтым вялікім горы пясьняр. З тугаю уздумываець ён цяпер па смутную мінуўшчыну зпустошанай роднай зямлі, калі рэдка крычалі ратаі, а часта