Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

раз і напісаны некаторыя вершы і невялічкія імпрэсіі Цёткі („Асеньнія лісты“, 1912 г.; „Лішняя“, 1912 г.; „Зялёнка“, 1913 г. — апавяданьне з студэнцкага жыцьця, зьмяшчае ў сабе гімн творчасьці, мае аўтобіаграфічны матар’ял).

Цётка яшчэ любіла пяяць і часта пяяла аб жаночай і дзяцінай долі. На пачатку творчасьці яна малюець жыцьцярадасны абраз прыгожай дзяўчыны Касі, што яркай зоркай цьвіцець на ўсю вёску („Лета“, 1906 г.). Абраз гэты з мастацкага пагляду не стаіць высока, бо павярхоўны, з непаказанай душою (параўнуем з дзявоцкімі абразамі Марцінкевіча). Таксама нявыразна, але ў пакутным ужо тоне паказана бедная Насьця („Гаданьне“, 1910 г.), папаўшая ў вастрог і болей няшчасная, чымся грэшная, дзяўчына. Абраз замужняе жанчыны-беларускі агорнут у Цёткі засмучэньнем і тужлівасьцю. Нешта дужа роднае, блізкае і харошае чуецца ў яе словах да „лілеек бяз мовы“, „прызавятых кветак“, „бяскрылатых птушак“, „вясковых састронак“. Твар іх, як воск, шчокі зьмяты сьлязьмі, у хмурных вачох боль. Яны рана старэюць ад гора і ад працы. Цётка ім кажаць: „А за гэта вам дзьве дошкі і крыж з хвоек ледзьве зьбіты, і у памяць плачуць дочкі, бо й яны, як вы, забіты“. Смутная доля і беларускай дзяўчынкі-сіроткі (верш „Сірацінка“); хапае за сэрца сваёю цяжкою запраўднасьцю і абразок жыцьця вясковага хлопчыка („Міхаська“ — апавяданьне ў жывой народнай форме.).

Мова Цёткі яшчэ маець у сабе шмат полёнізмаў, прызвычаеных беларусам Лідчыны („будуць струны байчэй гралі“; цуд, ласьне, слонка, скрыдлы і інш.), а таксама русіцызмаў, прывітых школаю (грудзь, ш’юць і інш.).

Верш Цёткі бойкі, лёгкі, але дзеля таго, што яна шкадавала часу на яго шліфоўку, таксама іногды маець нямала заган з тэхнічнага боку, такіх, як і ў Багушэвіча.


Ядвігін Ш.

(Арадз. ў 1870 г.).

Біаграфічны матар’ял. Ядвігін Ш., запраўднае імя каторага Антон Лявіцкі, радзіўся ў двары Карпілаўцы пад Радашковічамі. Вучыўся ў Люцынцы ў дачкі Марцінкевіча, каторага добра памятуе. Сярэднюю школу скончыў ён у Менску; унівэрсітэцкую навуку прахадзіў у Маскве. У нашаніўскую пару Ядвігін Ш. працаваў нейкі час у Вільні, адылі перабраўся ў Менск і быў там кіраўніком сельска-гаспадарскага месячніка „Саха“. У часе вайны