Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

ён працаваў у менскіх беларускіх арганізацыях. Астатнія гады пісьменьнік часта хварэе, для спакою аддаліўся ад грамадзкай працы і жывець на ціхай Старажоўцы ў Менску ці ў сваім двары Карпілаўцы.

Літэратура Ядвігіна Ш. Першы раз на беларускай літэратурнай ніве выступіў Ядвігін Ш. яшчэ ў свае студэнцкія гады, як адзін з перакладчыкаў на беларускую мову выданай у 1891 годзе ў Маскве кніжачкі Гаршына „Сыгнал“. Ад гэтае пары ён ня кідаў цікавіцца беларускай літэратурай. Яго апавяданьні „Суд“, „Важная фіга“ і дагэтуль нядрукаваная, але йшоўшая, як кажуць, ў 1890 гадох на сцене ў Радашковічах драма „Злодзей“ напісаны шмат раней за таго часу, калі пачалі друкавацца першыя легальныя беларускія часопісі. У „Нашай Долі“ яго апавяданьне ёсьць ужо ў 3 нумары. У нашаніўскую пару Ядвігін Ш. стаў здабываць славу пісьменьніка з 1909 году, калі быў літэратурным кіраўніком „Нашае Нівы“ і даволі часта зьмяшчаў у газэце свае творы. Асобныя кніжкі яго выхадзілі так: „Дзед Завала“ (1909 г.), „Бярозка“ (1912 г.) і „Васількі“ (1914 г). Апрача таго, Ядвігін Ш. пісаў цікаўныя „Лісты з дарогі“, калі пехатою йшоў з Вільні на Менск („Наш. Нів.“, 1910 г.).

Творчасьць Ядвігіна Ш., у залежнасьці ад пройдзенага ім жыцьцёвага шляху, стаіць у нашай літэратуры на пераходзе ад народніцкае да нашаніўскае пары. У гэтым хаваецца і прычына некаторай духоўнай неаднароднасьці яго твораў. Адны з іх пісаны пад водгаласам сьветагляда шляхоцкай інтэлігенцыі 80-х і 90-х гадоў; у другіх Ядвігін Ш. стаіць ува ўсёй велічы пісьменьніка нашых дзён. Інтэлігенцыя тая глядзела на беларускую нацыянальную справу вачмі добрых любіцеляў „простай“ мовы і наагул беларушчыны. Яна любіла народную творчасьць і па традыцыі асабліва падабала ў ёй сатырычныя казкі і сьмяхотныя пераказы. У слаўную будучыну беларускай літэратуры яна ў сваіх шырокіх колах ня дужа верыла, і сьветагляд яе здавальняўся літэратурнымі апрацаваньнямі, пераробкамі і міньятурнымі орыгінальнымі творамі — найболей гумарыстычнымі і сатырычнымі. Вартасьць жартаў, разьвітых у дробныя апавяданьні, прынамся лепшых з іх, хавалася ў тым, што яны мелі корні ў народнай поэзіі і насілі нацыянальны выгляд. З гэтае-ж прычыны і мова ў іх найчасьцей надта жывая і чыстая народная. Як Каганец з песьняў і легендаў, так Ядвігін Ш. з баек і жартаў, памастацку апрацаваных, і пачаў вось сваю творчасьць. „Не апавяданьнямі, а байкамі за ўсяго лепей было-б назваць іх, — пісаў