паказаў ён свой магутны поэтычны дар і дасяг памысных рэзультатаў творчасьці. Лірызмам душы поэта ахоплены яго эпічныя вершаваныя рэчы, лірыкай перасыпана і яго драма. Лірычных вершаў у Купалы дужа многа (што шкодзіць іх мастацкай вартасьці). Агульны тон іх элегічны і мякка-сатырычны. Вершы пачатковай пары яго творчасці, разумеецца, слабейшыя па форме, затое-ж сярод пазьнейшых вершаў ёсьць нязвычайна мастацкія. Лірыка Купалы болей музыкальная, чымся плястычная; часам гэта проста музыка. Найчасьцей строіць поэт сваю ліру на патрыятычны лад, паказуючы думку беларускімі малюнкамі соцыяльнага характару. Грамадзянскія мотывы — на першым пляне, але, прырода і любоў займаюць таксама шырокі прастор. Ідэолёгія адраджэньня ёсьць глаўнай прыметай ня толькі лірыкі, але ўсяе поэзіі песьняра. Творчасьць яго болей нацыяналістычна, чымся творчасьць Коласа, і меней нацыянальна, меней маець самабытна-беларускіх азнак, чымся коласаўскі эпос. У сваёй лірыцы Купала вялікі патрыот. Патрыятызм яго, спачатку нясьмелы і ледзь прыкметны на фоне соцыяльных абразкоў, бесьперастанку ўзрастаець і пад канец набіраецца правадырскай сьмеласьці і дужасьці. Першы выступ поэта ў беларускай літэратуры („Мужык“, 1905 г.) ня меў ніякага нацыянальна-беларускага знаку і выглядаў выключна соцыяльным па свайму характару. Малады поэт, цяперашні асілак адраджэньня, выйшаў на літэратурную ніву з паглядамі масавага беларуса-селяніна. Зараз, аднак, ён пачынае з словам мужык зьвязываць слова беларус („3 песьняў а сваёй старонцы“). Думкі яго разьвіваюцца ў гэтым кірунку дужа шыбка, і ўжо ў 1906 годзе ён займае цьвёрды грунт у вельмі дзейнай ідэолёгіі адраджэньня („А хто там ідзе?“, „Над сваёй айчызнай“ і інш.). З агульным разьвіцьцем поэта разьвіваецца і яго сьвядомасьць у нацыяналізьме. Паглыбеўшы ў думцы і дасканальна апанаваўшы форму верша, Купала даў у 1908—1913 г.г. колькі лірычных вершаў, выдатных па свайму хараству і па той сіле, з якой выказана ідэя адраджэньня. Пясьняр заклікае свой працоўны сярмяжны народ абудзіцца („Сваякам па гутарцы“). Ад імя гэтай міліённай грамады ён, як вярхоўны жрэц, з нязвычайным натхненьнем моліцца сонцу, каб глянула „да крывіцкіх туманных нізін“, каб узяло з імі вечны шлюб („Песьня сонцу“), а родную старонку ён заклікае, каб выйшла „спаткаці вясну“. („Выйдзі“…). Ува ўсякую мінуту, ува ўсякай патрэбе моліцца ён за „родны загон Беларусі“ („Мая малітва“). З сардэчнай мукаю пяець поэт „смутную повесьць“ роднае мовы і ўсяго роднага, каб паказаць свайму народу, што „ўжо новая відна зара“ („Ужо днее“). У чародны перыад, посьле вайны і рэво-
Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/168
Гэта старонка не была вычытаная