тыў, ды не абы-як, а вельмі хораша і гарманічна зьвязаўшы яго з хвалебнай песьняй няўмірушчай праўдзе і творчаму слову („Курган“).
„Адвечная песьня“ — драматычная поэма ў 12 праявах. Аб гэтай рэчы, скончанай поэтам у Бараўцах улетку 1908 года, М. Багдановіч пісаў так: „Гэтая пацерка з невялікіх гутарак-вершаў зусім зьбіваецца на „Жалейку“: зьмест іх той-жа самы, форма, праўда, гладзей, але ня вельмі, — і ўсёжткі яны пакідаюць глыбейшы сьлед у душы чытача; увесь сакрэт гэтага ляжыць у цэльнасьці іх, бо разьмешчаны яны паводлуг аднэй і тэй-жа думкі і ўвесь час дапаўняюць, падтрымываюць адзін аднаго. Усё жыцьцё мужыка праходзіць перад нашымі вачыма, і няма там ніводнага мамэнту, каб ня ліліся сьлёзы, і няма ніводнага пуці да лепшай долі, няма нічога лепшага за сьмерць… Бязвыхаднасьць, безнадзейнасьць — вось што чуваць ува ўсёй поэме, што цяжкім камянём кладзецца на душу чытача пасьля кожнай праявы. Некалькі іншым тонам напісана толькі „вясельле“, — бадай ці не найлепшая частка поэмы. Калі што яму і шкодзіць, дык мо’ толькі такія словы як „кадрыля“, „парад“ і т. п., а ўсё другое, — і бойкі рытм, і рыфмы на сярэдзіне строк, і навет нейкая грубаватасьць вельмі жывой мовы — усё на сваіх мястох, усё надта добра падабрана да зьместу. Што датыкаецца да найслабейшага боку поэмы, дык — на наш пагляд — гэта грубы сымволізм, прыпамінаючы дзе-якія кепскія месты з твораў расейскага пісьменьніка Л. Андрэева“.
„Сон на кургане“ — драматычная поэма ў 4 абразох. Напісаў яе Купала ўлетку 1910 года ў Пецярбурзе, калі ў сталічнай абстаноўцы быў агорнут усёю сілаю агульна-грамадзянскага настрою і знаходзіўся пад вялікім уплывам маскоўскае літэратуры. Гэта быў і другі перыад творчасьці поэта, калі ў яго пачаўся процэс самастойнага, індывідуальнага агляду спрадвечных, праклятых пытаньняў, калі ён падвадзіў свой ранейшы масава-сялянскі сьветагляд пад шырокія рамкі сьвядома ўспрынятых сусьветных ідэй. Па артызму, укладзенаму ў гэтую новую поэму, яна стасуецца з „Адвечнай песьняй“, як „Шляхам жыцьця“ з „Жалейкай“, а па сваёй духоўнасьці яна — далейшае разьвіцьце „Адвечнай песьні“. І той ідэйны поступ двух гадоў (1908—1910) трэба прызнаць невялікім і для беларускай поэзіі мала памысным, бо Сам — той жа беларус-селянін з „Адвечнай песьні“, але ён тут прэтэндуе на ўсебеларускае нацыянальнае прадстаўніцства і большую адукаванасьць у соцыялёгіі, хоць стаў меней нацыянальны, страціў у беларускай беспасрэднасьні