дзядзька Раман“, „Таклюся Сухотніца“, „Лес шуміць“, „Панас Крэнт“, „Пан Трудоўскі“) з ярка змалёванымі тыпамі. Апрача таго, Лейка напісаў сцэнку для дзяцей „Снатворны мак“ і колькі вершаў (даволі слабых). Калі гэты пісьменьнік нідзе не пагінуў за час вайны і рэволюцыі, дык можна з пеўнасьцю сказаць, што ён зробіцца адным з самых відных беларускіх белетрыстаў. Родам Лейка, як кажуць, з Горадзеншчыны, а па профэсіі вучыцель.
Леўчык, Гальяш (Ляўковіч) выдаў зборнік вершаў „Чыжык беларускі“ (1912 г.), пасьля чаго на вельмі доўгі час змоўкнуў зусім. Леўчык — поэт надта засмучоны; ён гарачы, але пасыўны адраджэнец; нашаніўскія сьлёзы найдаўжэй, чымся каму, туманяць яму вочы і замінаюць размахнуцца талентам ува ўсю сілу. Леўчык родам са Слонімшчыны, жывець у Варшаве, па профэсіі — інтэлігентны служачы.
Лёсік, Язэп — значная сіла ў беларускім руху і літэратуры. Яго галоўная заслуга — ў нашай публіцыстыцы, хоць магчыма, што публіцыста (з волі і з няволі) пашкодзіў у ім белетрысту. Лёсік дужа талентны апавяданьнік і напісаў выдатную ў нашай эпічнай поэзіі рэч «Апавяданьне бяз назвы». Асабліва ўдаецца яму маляваць беларускіх дзетак (Анцік, Юзік). Творчасьць Лёсіка вельмі нацыянальная, народна-беларуская. Нейкі захаваны надлом свае душы адбіў ён у вядомым «Ня ўсё-ж разам, ягамосьці!» Як публіцыста, Лёсік бойкі і войстры на слова, орыгінальны ў развагах, асабліва полемічных. Гэтага слаўнага пісьменьніка чакаець яшчэ слаўнейшая будучына. Родам Лёсік з Мікалаеўшчыны, з аднэй вёскі з Якубам Коласам, катораму даводзіцца дзядзькам. Нарадзіўся ён 6 лістапада 1884 г. Вучыўся ў пачатковай школцы, патым у Ноўгарад-Северскім гарадзкім вучылішчы і ў Маладзечненскай вучыцельскай сэмінарыі, адкуль яго звольнілі з 2-й клясы. Быў настаўнікам у Грымяцкай парахвіі Ноўгарад-Северскага павета і за пропаганду, разам з другімі настаўнікамі быў заарыштаваны ў 1905 годзе. У 1908 годзе быў высланы ў Сыбір. У засланьні ў Сыбіры прабыў ён аж 9 гадоў. Вярнуўшыся адтуль, выдаваў у Менску ў 1917—1918 г.г. лепшы беларускі тыднёвік „Вольная Беларусь“. Цяпер (1920 г.) рэдактуе „Беларусь“ і ўваходзіць у склад Найвышэйшай Беларускай Рады.
Лобік, Лявон — селянін з вёскі Кукавіч, Слуцкага павета, запраўдны поэта-земляроб. Л. Лобік і Стары Улас далі некалькі дужа няхітрых, але верных і таму цікавых малюнкаў нашай вёскі“ (М. Багдановіч).