Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

Францыск Скарына.

(Арадзіўся блізка 1490 г.).

Ф. Скарына.


Ф. Скарына.

Яго жыцьцё. Францыск-Георгій Скарына быў родам з Полацку; сын заможных купцоў, каторыя мелі гандаль з Рыгаю і Вільняю. Наўчыўшыся пачаткаў граматы ў доме бацькоў, трынаццацёх-гадовы здольны хлапец нейкім спосабам папаў у Вільню. Адгэтуль у 1504 ці ў 1505 годзе, калі Скарыне было 14-15 гадоў, беларускія магнаты паслалі яго вучыцца ў унівэрсітэт у Кракаў. Там выкладаліся гэткія навукі: граматыка, лёгіка, рыторыка, фізыка з арытмэтыкай і геомэтрыяй, музыка, астраномія і навука выкладаць календары і вылічаць гараскопы. З кракаўскага унівэрсітэту Скарына выйшаў бакалярам. Потым ён паехаў у Італію і ў 1512 годзе, пасьля экзамена пры падуанскім унівэрсітэце, дастаў вучоную ступень доктара медыцыны („вызваленых і лекарскіх навук доктар"). Пазьней Скарына падарожнічаў па Нямеччыне, пазнаёміўся з Марцінам Лютэрам, каторы быў да яго няпрыхілен, бо думаў, што Скарына — нячыстая сіла. Заехаўшы ў Прагу, Скарына застанавіўся там на даўжэйшы час і з 1517 года пачаў друкаваць беларускія кніжкі. У гэтай працы яму памаглі заможныя беларусы, прыхільнікі асьветы, а ў першы чарод памагло, кладучы кошт, Віленскае Панскае Брацтва, у каторым згуртаваліся ўсе выдатнейшыя беларускія магнаты. Памаглі яму і беларускія мяшчане, прыкладам — сын віленскага радцы Багдан Онькоў, віленскі бурмістар Якуб Бабіч і іншыя. Яны давалі яму грошы і здабывалі і прысылалі патрэбныя матар’ялы. Забраўшы з Прагі літэры і ўсе друкарскія прылады, Скарына перабраўся к 1525