Казаньне. Казаньні, ці пропаведзі мелі схолястычны характар. Форма забівала думку. Яны ўсьцяж — хітры пляцень тропаў, фігур і розных другіх азнак прыгожага пісаньня. Гэтакая форма была тады, відаць, спанараўна для ўсіх; казнадзеяў (прапаведнікаў) разьвялось у літэратуры вельмі многа. Разьвіўшыся пад уплывам каталіцкіх казаньняў, нашы казаньні згубілі потым свой полемічны характар. На раніцы сталецьця казаньнямі ўславіўся Л. Карповіч, а ў пазьнейшы час іх пісаў Галятоўскі, Транквіліон, Радзівілоўскі, Барановіч і іншыя.
Лявон (Логін) Карповіч (1581 — 1620), сын сьвяшчэньніка, пахадзіў з пінскай шляхты. Змалку жыў ён у Вільні, дзе, пеўна, і вучыўся ў брацкай школе. Посьле ён быў сябрам брацтва, нёс абавязкі брацкага пісара, галоўнага друкара і карэктара. Як архімандрыт Духаўскага манастыра, быў і рэктарам брацкай школы. Слынуў за вялікага красамоўцу і надта адукаванага чалавека, шыбка гаварыў пагрэцку і палатыні. Напісаў два выдатных казаньні, на Ушэсьце і на Малую Прачыстую, надрукованыя ў Еўі (1615 г.). Апрача таго, пісаў іншыя духоўныя творы, перакладаў пабеларуску з грэцкай мовы. З яго твораў відаць, што гэта быў вельмі разьвіты думаньнік, знаёмы з сусьветнай літэратурай і з рознымі спасабамі аратарства. Мова яго маець шмат слоў чужых, польскіх, лацінскіх, грэцкіх.
Кірыла Транквіліон-Стаўравецкі († 1646 г.), чарнігаўскі уніяцкі мітрапаліт, быў найболей таланавіты прадстаўнік літэратуры казаньняў. Слова яго простае, няхітрае, але дужое, магутнае. Ен не паганяў так за бліскучай формай, як другія казнадзеі. Напісаў: „Пэрл мнагацэнны“, „Казаньні на нядзелі праз рок“ і інш. Здабыў славу вучонага багаслова.
Вершатворства. У пісаньні вершаў нашы пісьменьнікі з быўшых брацкіх вучняў пераймаліся польскімі прыкладамі. Вершы выходзілі з-пад іх пяра сілябічныя, зусім няскладныя і ня гучныя. Па зьместу вершы дзяліліся на духоўную лірыку, каторая была простым перакладам псальмаў, малітваў, хваленьнем Бога і сьвятых, і на панегірыкі, або услаўленьне важных, карысных чым-небудзь для поэта ці для яго справы асоб, паноў, магнатаў, з прычыны розных сямейных урачыстасьцей ў іх. Панегірыкі былі запазычаны нашымі піітамі ў езуітаў, каторыя здабывалі імі сабе ласку ў вяльмож. Вершатворнік ўсю стараннасьць пакладаў тады на форму, надворнасьць верша: пісаў так вершы, каб пачатковыя