годзе ён вучыўся разам з другімі мужыцкімі дзяцьмі ў школе ксяндза Магнушэўскага. Гэты ксёндз быў шчыры прыхільнік працоўнага народу, хацеў падняць людзей з голаду і цямноты і памагаў крошынцам проціў пана судзіцца за зямлю. Дзяцей ён вучыў чытаць, пісаць, лічыць, разумець катэхізм, апрача таго, даваў чытаць добрыя кніжкі. Хлопчык Бахрым надта спадабаў пісаць вершы, пераймаючы напісаныя ў кнізе. Многа вершаў з польскага пісьменьніка Нарушэвіча, баек Эзопа ды чаго іншага ўмеў ён напамяць; таксама любіў сьпісываць усё, што пападалася пад рукі, ня толькі друкаванае, але і рукапіснае. Так разьвівалася яго сьвядомасьць. Посьле, калі крошынскіх сялян засудзілі за „бунт“, а школу зачынілі, у вучня Бахрыма начальства знайшло вершыкі, каторыя здаліся яму вельмі шкоднымі і небясьпечнымі. Паліцыя забрала іх і шукала, ці няма яшчэ. Ксёндз Магнушэўскі на выпытах дужа хваліў Бахрыма, а ня ведаўшы, на што ў яго пытаюцца, казаў, што хлопчык умее напамяць значна болей сваіх вершыкаў, чымся ў яго адабралі запісаных. Князь Радзівіл даказаў, што вучні ў школе дэклямавалі нягожыя для сялянскіх дзяцей байкі і розныя вершы. Тады Магнушэўскага аддалі пад нагляд паліцыі, Паўлюка Бахрыма неўзабаве здалі ў маскалі, а многа сялян выслалі ў Сыбір. Добры ксёндз пажыў пасьля таго мала і памёр з гора, а якое было патым жыцьцё Паўлюка Бахрыма, ніхто вестак дагэтуль не сабраў. Кажуць, што ён з войска вярнуўся, жыў у Крошыне і памёр ў 1891 годзе.
Творы Паўлюка Бахрыма не захаваліся, апрача тых некалькіх, што пайшлі ў народ. Адзін сшыток яго „войстрых“ вершыкаў узяў сабе сэнатар Навасільцаў ці прафэсар Пэлікан, каторыя прыязджалі ў Крошын даведацца аб тым „бунце“ і вельмі дзівавалісь на поэта-самародка, дэкляруючы навет паклапаціцца аб яго ўзгадаваньні. Есьць толькі адзін друкаваны вершык Бахрыма, гэта — „Заграй, заграй…“ Апрача таго, кажуць, ён злажыў „Гутарку Данілы з Сьцяпанам“ і „Размову пана з мужыком“, каторыя запісаны ад народа этнографамі.
„Заграй, заграй, хлопча малы“… — лірычная песьня аб цяжкім жыцьці ў часе паншчыны. Бацьку песьняровага забілі кіямі, маці яго тужыць, сястра плача, а самаго яго сярдзіты крошынскі пан здаець у маскалі. Песьня пераймае народную творчасьць, але сьведчыць аб некаторым знаёмстве аўтора з кніжкаю. Напісана яна з запраўдным поэтычным натхненьнем і шчырым чуцьцём, ахоплена-ж