Рабункі мужыкоў — найбольш характэрны для Баршчэўскага яго беларускі твор. Гэта — вершаваная поэма, якая дайшла да нас асобнымі кавалкамі ў розных кніжках (у прадмове Р. Падбярэскага і „Беларусі“ А. Рыпінскага). Напісана яна як быццам-то з запраўднага жыцьця, з прыгоды, якая была ў 1812 годзе у дварэ пана П. Маліноўскага, вёрст за 50 ад Полацка. „Рабункі мужыкоў“ напісаны даволі складным і лёгкім сілябічным вершам, хоць тэхніка верша, наагул, шмат горшая за тэхнікі раней быўшых ў беларускай літэратуры прыкладаў. Мова — блізкая да народнай гаворкі, але пагляд на мову — чыста шляхоцкі, дык асаблівасьці нашай мовы не захованы ўсюды як мае быць, а часам ужыты вульгарныя фразы, якія псуюць літэратурнасьць. Ды ўсё-ж абразкі поэмы маюць запраўдную сьмяхотнасьць, жывасьць і жыцьцёвасьць, так што па іх можна меркаваць аб тагачасным жыцьці. Але з ідэйнага боку поэма зусім слабая; проста кажучы, ніякай ідэі ня відаць, апрача панскай ахвоты пераказаць дзеля жарту аб сьмешнай прыгодзе з благімі мужыкамі-бунтаўнікамі.
Вартасьці і заганы творчасьці Я. Баршчэўскага. Галоўная заслуга пісьменьніка, што ён адчуў, ухапіў і паказаў у слове нацыянальныя чырты беларускага духа. Сакавітае маляваньне беларускага жыцьця робіць яго творы цікаўнымі да нашых дзён. Яго-ж паступовасьць ў адносінах да хлопаў кідалася ў вочы чытаньнікам таго часу. Вялікае пашырэньне яго твораў, меўшых нямалае ідэйнае значаньне для сучасьнікаў і несьвядома рабіўшых беларускую работу, таксама сьведчыць хоць-бы аб часовых вартасьцях яго творчасьці. А творы Баршчэўскага, як пішуць польскія крытыкі, расхадзіліся па ўсіх руках; „дзеці ўмелі іх напамяць, а нянькі пяялі іх пры люльках“. На працягу колькіх дзесяткаў гадоў пяяла шляхта яго „Дзеваньку“. Іншыя творы, як „Рабункі мужыкоў“, ня гледзячы на іх проціў-мужыцкія думкі, ад шляхты трапілі ў шырокую народную гушчу.
Нацыянальная пазыцыя Я. Баршчэўскага ў літэратуры хаця і ня маець нахілу да абпалячываньня, як тое ў А. Рыпінскага, але яна сьведчыць аб нячуласьці. Яго інтэлектуальная сіла не сягала такой высачыні, каб сьвядома адчуць нацыянальны элемент у сваёй творчасьці. Наагул Я. Баршчэўскі надта нацыянален, у перакладзе на абы-якую мову ён застаецца беларусам, але ён у гэтай справе — усяго толькі неасьвядомлены вытвор свайго часу і свае сфэры. Пры ўсёй паступовасьці Я. Баршчэўскага, аб яго соцыяльнай пазыцыі ў літэратуры зусім справядліва, аднак, сказаў наш крытык