ларусі“). За прымету культурнасьці можна уважаць тое, што ў беларускіх князьствах вельмі рана адчыніліся біскупствы, а ў 12 сталецьці зьявіліся там выдатныя культурныя дзеячы і пісьменьнікі. Скрозь увесь час царкоўна-славяншчыны Беларусь была пад грэцка-візантыйскім культурным уплывам. Уплыў гэты ў пісьменстве перадаваўся цераз паўдзённых славян — баўгар і сэрбаў.
Візантыйскае пісьменства. Гэтак завецца час грэцкай славеснасьці ад Юстыніяна да ўпадку Канстантынопаля (562 г. — 1453 г.). Візантыйскае пісьменства ня было запраўды орыгінальнае, а толькі пераймала старое ў новых формах. Калі беларусы прынялі хрысьціянскую веру, Візантыя была гаспадарствам моральна слабым. Быў у ёй агульны заняпад адукаванасьці, навукі і мастацтва. Царкоўна-рэлігійныя пытаньні мелі асаблівую войстрасьць; насьпяваў падзел царквы на ўсход і захад; было шмат гэрэтыкоў. Дык царкоўнае візантыйскае пісьменства таго часу маець аднабокі, неспакойна-полемічны і царкоўны характар. Творчасьць Візантыі складалась найболей з царкоўных твораў (казаньні, жыцьці сьвятых, псальмы); з твораў сьвецкіх былі пашыраны народна-эпічныя пераказы пра змаганьне з усходнімі дзікімі народамі і ідэалістычны роман. Візантыйскія вучоныя, апрача таго, ужо зьбіралі і парадкавалі нязвычайнае рукапіснае багацьце старой Эляды.
Перакладанае пісьменства на Беларусі. Спачатку былі ў нас творы выключна перакладаныя з візантыйскага пісьменства (10—11 сталецьце). Пераклады былі зроблены ў паўдзённых славянаў і сьперша толькі проста перанасіліся на Беларусь. З большым разьвіцьцем пісьменнасьці беларусы наўчыліся перакладаць самі, і з гэтага пачалося ў нас пісьменства. Пры сьпісываньні з царкоўна- славянскіх перакладаў і то ў кнігу траплялі асаблівасьці стара-беларускай народнай мовы, а пры самастойным беларускім перакладаньні з грэцкай на царкоўна-славянскую — і пагатове. Сьпісываньнем кніг найболей займаліся нашы манахі, адлі і ўсякія духоўныя і сьвецкія адукаваныя асобы, біскупы, князі, княгіні, дружыньнікі. Паўдзённыя славяны перадалі нашым дзядом для пашырэньня, сьпісываньня і разьвіцьця на правох тубыльнага пісьменства пераклады выдатнейшных твораў абедзьвюх галоўных галін візантыйскай творчасьці, а найболей — пераклады царкоўных твораў.
Царкоўныя пераклады. З царкоўнай галіны візантыйскай творчасьці да нас прыйшлі пераклады: 1) часьцін Бібліі (улюблёнаю паспалітым чытаньнікам кніжкаю быў