нябожчык Лявон Гмырак, што ён „выхваляў стара-шляхоцкі разгул і, відаць, жадаў павароту „сьветлых дзён“. Пры няшырокім сьветаглядзе Баршчэўскага і пры яго романтычнасьці гэта магло іці побач з паступовасьцю. Беларускае жыцьцё, сялянскі побыт паказываў ён няглыбока; да сялян адносіўся неяк бязыдэйна, ня так, як таго вымагалі ад яго запраўдныя заданьні мастацтва.
Аляксандар Рыпінскі.
Біаграфічны матар’ял. А. Рыпінскі родам з Дзісеншчыны. Ен хадзіў на паўстаньне 1831 г., пасьля чаго мусіў уцякаць заграніцу. Як эмігрант, жыў у Парыжу. У 1839 годзе чытаў там у эмігранцкім гуртку літэратараў лекцыі па беларусазнаўству.
Пагляды А. Рыпінскага. Ен лічыў беларусаў за польскае племя, а Беларусь за польскую провінцыю,. Аб беларускай мове думаў Рыпінскі, што яна шчыльней прылучаець беларусаў да палякоў, чымся да маскоўцаў. Ен хацеў, каб беларускія мужычкі вучыліся спачатку чытаць, а потым гаварыць і думаць папольску.
Літэратура А. Рыпінскага. Свае лекцыі па беларусазнаўству Рыпінскі надрукаваў ў 1840 годзе ў Парыжу асобнай кніжкай пад назовам „Białoruś“ (Беларусь). Тут, між іншым, зьмесьціў ён беларускія псальмы („О, мой божа, веру табе“, „Стары Восіп барадаты“…), прыклад макаранічнага польска-беларускага верша („Лямэнт раскаханага“) і інш. Зьмесьціў тут Рыпінскі і кавалачкі поэмы Я. Баршчэўскага „Рабункі мужыкоў“, кажучы, што яна пашырана па ўсёй Беларусі, як народны твор, што і беларусы маюць творы, падобныя да „Энеіды“ ўкраінца І. Катлярэўскага. Аб беларускай-жа „Энеідзе“, як і аб тым, хто напісаў „Рабункі мужыкоў“, ён ня ведаў. Паважна займацца навукай беларусазнаўства пачаў Рыпінскі толькі ў эміграцыі, затужыўшы па бацькаўшчыне, але ня меў там патрэбных матар’ялаў і крыніц для свае работы, дык у кніжцы зьмесьціў прыклады беларускай творчасьці найболей напамяць, як чуў змалку ўдаму. У „Беларусі“ выказаў ён і свае пагляды. Для беларускай мовы ён завёў у ёй асобныя значкі сярод лацінскіх літэраў. Пазьней А. Рыпінскі, захапіўшысь роднай беларушчынай, напісаў беларускую баляду „Нячысьцік“. Есьць яшчэ яго вершык ў „Альбоме Дарэўскага-Вярыгі“, гэта — „Ты-ж сам, суседзька, хацеў“…