Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

хату і заботу знае“. А калі захоча пагуляць, дык запрашае да сабе гасьцей і тады вып’ець чарку да вашмосьці.

Як відзім, ідэалы сялянскага песьняра з паноў ня дужа бліскучыя, але ў яго пару яшчэ далёка было і да гэтага малога шчасьця, дык ён з усім запалам філёнтрона, засмучэньнем романтыка і лірычнасьцю поэта лятуціць аб „такой паправе“ і моліцца богу так: „Няхай усім добра будзе!“

Літэратурная мова Чачота адбіваець на сабе няшырокі пагляд на яе песьняра-этнографа. Верш Чачота чытаецца лёгка, маець народны склад, хаця часам дужа псуецца вялікім уплывам польскай версіфікацыі і зьбіваецца на няўломную сілябічнасьць.

Характарыстыка творчасьці Я. Чачота. У вадным вершыку пясьняр кажаць беларусам-сялянам, што ён памагае ім „песенькі сьпяваці“, бо ён сярод іх узрос, бо яму даў бог зазнаці гора, каб „лепш іх любіў і ўмеў спагадаці“. З гэтага ясна відаць, што толькі ўласнае гора наўчыла песьняра-шляхоцкага романтыка адчуваць гора мужыцкае, што ўзросшы сярод беларускіх сялян, ён, аднак, ня чуець сябе індывідуумам беларускай грамады і толькі памагаець ёй пяяць, стоячы збоку, водаль ад яе. Беларускую поэзію Чачота можна характарызаваць так: 1) ён адчувае мужыцкае гора, але папанску і романтычна; пяець аб тым горы мужыцкім спосабам, але на панскі і романтычны голас; 2) ён зусім не адчувае нацыянальнага гнібеньня беларусаў; 3) творы яго дыдактычны, яны навучаюць, як трэба жыць; 4) ён сур’ёзна малюець жыцьцё. Дзеля таго, што беларуская творчасьць Я. Чачота стаяла на абпалячанай шляхоцкай дарозе, ён, як поэт і не клясавы і не нацыянальны, ня мог вырасьці да памыснай велічыні. Па здольнасьці ён вышэй за Рыпінскага і ніжэй за Баршчэўскага. Аднак, прымітыўны Баршчэўскі ня мог выкарыстаць сваю здольнасьць так, як выкарыстаў сваю разьвіты Чачот.

Значаньне Я. Чачота ў гісторыі нашае літэратуры, галоўным чынам, такое: 1) ён пабуджаў беларускасьць; 2) ён першы сур’ёзна задумаўся над жыцьцём беларускага сялянства і паважна паставіў пытаньне; 3) ён першы натуральным спосабам вывеў кніжную творчасьць з народнай і зрабіў гэта ў беларускай мове (Баршчэўскі — ў польскай), значыцца, даў ёй нацыянальны грунт для далейшага разьвіцьця.