Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/224

Гэта старонка была вычытаная

Сімурдэн даў яму волю рабіць, як ён хоча, хоць і папракаў сябе за гэта, бо яго суровая душа не надавала ніякай каштоўнасці ўсёй гэтай гатычнай старыне, і ён таксама мала быў прыхільны да будынкаў, як і да людзей. Шкадаваць замак — гэта ўжо быў пачатак мяккасардэчнай палітыкі. А схільнасць да такой палітыкі была слабым месцам Говэна, і Сімурдэн пільна сачыў за ім, стараючыся па мажлівасці стрымліваць яго на гэтым пагібельным, на яго думку, шляху. А між тым і сам ён не мог без жалю глядзець на стары замак і за гэта крыўдзіўся на сябе.

Тут захоўваліся першыя кнігі, якія ён даваў чытаць маленькаму Говэну. Ён, скромны кюрэ суседняй парафіі Парын'е, сам не адзін год пражыў пад дахам гэтага замка. У гэтай самай бібліятэцы ён вучыў чытаць Говэна, трымаючы яго між кален і абняўшы рукою за плечы. У гэтых старых чатырох сценах ён сачыў дзень у дзень, як рос яго хлопчык, як ён рабіўся дарослым чалавекам, як развіваўся яго розум. Няўжо ў яго хопіць духу спаліць, разбурыць, знішчыць гэтыя сцены? І ён гатоў быў — хоць і супроць свайго сумлення — пашкадаваць стары замак.

Ён не пярэчыў Говэну, калі той пастанавіў распачаць атаку з процілеглага боку. Замак Тург меў два бакі: цывілізаваны — бібліятэка і дзікі — вежа. Сімурдэн пусціў Говэна руйнаваць дзікі бок.

РЫХТУЕЦЦА ВЫРАТАВАННЕ

Усю ноч рыхтаваліся з таго і другога боку. Як толькі скончыліся перагаворы, якія ні да чаго не прывялі, Говэн паслаў па свайго ад'ютанта Гешана.

Гэта быў чалавек звычайны, чэсны, адважны, не надта вялікага розуму, надзвычайна добры салдат і дрэнны камандзір.