Гэта старонка не была вычытаная
Чаму-ж ён цяпер задзівіўся?
Ці гэтым выразным вачом,
Дзе сіні агоньчык стаіўся,
Ці шыйцы, ці пруткім плячом?
Ўсё разам яго прыкавала:
Выразнасьць яе пекнаты,
Каса, што вужакай спаўзала,
І нейкі размах прастаты.
Зірнула яна на вайсковых,
Але ня зьдзівілася ім.
Нібы тым гасьцям выпадковым
Патрэбна тут быць, як сваім.
— Чаму-ж гэта войска, панове,
На нас навалілі зашмат? —
Спытаўся лясьнік ў простым слове,
І сьмела зірнуў на салдат.
— Здаецца, і вы ад зямелькі,
З Бужанскіх ці іншых палёў,
Дык гонар, выходзіць, ня велькі
Ісьці ваяваць мужыкоў! —